За восем гадоў работы магазін «Твой Эксперт», размешчаны ў Шуміліне на вуліцы 70 год БССР, 5, зарэкамендаваў сябе як магазін з вялікім асартыментам, дзе можна купіць ад дробных рэчаў накшталт батарэйкі і выключальніка да мотаблока і халадзільніка.
Гаспадар магазіна Уладзімір Чумакоў разам з жонкай Марыяй, якія родам з Талачына, шукаў невялікі горад для вядзення бізнесу. Пабывалі ў Бешанкові-чах, Ушачах, Бялынічах, а выбралі Шуміліна – утульны, чысты і кампактны гарадок, дзе на той час не хапала магазіна электратэхнікі.
«Сваю справу адкрываць было не страшна – раней жа працавалі ў сферы гандлю, – кажуць Уладзімір і Марыя. – Самі па адукацыі фінансісты-эканамісты». Зарэгістравалі і адкрылі прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Твой Эксперт» і магазін з такой жа назвай, у якім можна набыць розныя электратавары і не толькі. Падчас нашага наведвання гандлёвага аб’екта жыхар райцэнтра выбіраў сабе па каталозе электравеласіпед – яго прывязуць па заказе.
Круглы год у магазіне купляюць мэблю, як гатовую, так і пад заказ, дагаворы заключаны з многімі вытворцамі. «Добра прадаюцца айчынныя тавары – на іх набыццё «Беларусбанк» дае льготны крэдыт пад 4% гадавых, – кажа Уладзімір Чумакоў. – Прапануем пакупнікам і беспрацэнтную растэрміноўку на пяць месяцаў, бясплатную дастаўку буйнога тавару па раёне. Дзейнічаюць карткі растэрміноўкі «Халва», «Магніт», «Карта пакупак», «Суперсіла», да Новага года прадугледзім скідкі на многія тавары. Так што запрашаем усіх за пакупкамі, мы працуем без выхадных з 9.00 да 18.00, кантактныя тэлефоны – 5-05-63, +375-33-393-66-65».
Нядаўна Чумаковы купілі ўласны дом – знайшлі ў Шуміліне сабе і работу, і другую радзіму. Раяць і іншым не баяцца адкрываць сваю справу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
КАМПЕТЭНТНЫ КАМЕНТАРЫЙ:
Галіна КАЛЫХАН, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама:
– На 1 кастрычніка ў раёне налічвалася 275 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (87 арганізацый, 188 індывідуальных прадпрымальнікаў). У гэтым годзе зарэгістравана 5 юрыдычных асоб, 14 індывідуальных
прадпрымальнікаў.
Асноўную долю займаюць арганізацыі, якія ажыццяўляюць гандаль (22 арганізацыі, 25,9%), груза- і пасажыраперавозкамі займаюцца 17 арганізацый, сельскай гаспадаркай – 18, вытворчасцю – 10.
У разрэзе відаў дзейнасці, якія ажыццяўляюць індывідуальныя прадпрымальнікі, зноў жа асноўную долю займае гандаль (83 ІП), грузаперавозкамі займаюцца 27 ІП, будаўнічымі работамі – 14, вытворчай дзейнасцю – 8.