Абитуриент-2025. Я б в спасатели пошёл. Пусть меня научат

Молодёжь Образование

Ратавальнікам быць прэстыжна і ганарова

Куды пайсці вучыцца, якую прафесію выбраць, кім быць – многіх выпускнікоў школы зараз хвалюе такое пытанне. Калі падлетак фізічна дужы і вынослівы, маральна ўстойлівы, з павышаным пачуццём адказнасці, супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях раяць разгледзець прафесію ратавальніка, запатрабаваную, ганаровую і прэстыжную.

Пра ўстановы, варыянты паступлення, перавагі вучобы падрабязна расказаў намеснік начальніка РАНС Дзмітрый КРАСОЎСКІ:

– Атрымаць прафесію ратавальніка можна ва Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусьу Мінску. Універсітэт рыхтуе па спецыяльнасцях «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый» (толькі юнакоў) з прысваеннем кваліфікацыі «інжынер па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый» і «пажарная і прамысловая бяспека» (юнакоў і дзяўчат) з прысваеннем кваліфікацыі «інжынер па пажарнай і прамысловай бяспецы». Выпускнікам універсітэта прысвойваецца першае спецыяльнае званне «лейтэнант унутранай службы», ім гарантуецца працаўладкаванне і першае працоўнае месца.

Вучыцца ва ўніверсітэце трэба 4 гады. Для паступлення неабходны сертыфікаты ЦТ ці ЦЭ па матэматыцы, фізіцы, рускай (беларускай) мове.

Да паступлення ўсе кандыдаты ў абавязковым парадку праходзяць прафесійны адбор, які ўключае вывучэнне маральных і дзелавых якасцей, медыцынскае засведчанне ваенна-ўрачэбнай камісіяй, вызначэнне ўзроўню фізпадрыхтоўкі.

Падчас вучобы ёсць магчымасць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «В».

Усе курсанты забяспечваюцца бясплатным пражываннем і харчаваннем, форменным абмундзіраваннем, дзяржстрахаваннем і медабслугоўваннем, а таксама добрай стыпендыяй (ад 400 руб.). Размяркоўваюцца выпускнікі пераважна па месцы жыхарства ці ў бліжэйшае падраздзяленне, ім прапануюць, як правіла, пасады начальнікаў змен альбо інспектараў нагляду і прафілактыкі.

Пасля заканчэння сярэдняй школы можна паступаць і ў Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж, які рыхтуе юнакоў па спецыяльнасці «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый». Тэрмін навучання складае 2 гады 7 месяцаў.

Акрамя гэтага, у інтарэсах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях арганізавана навучанне ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, дзе можна атрымаць інжынерныя спецыяльнасці «эксплуатацыя паветранага транспарту, тэхнічная эксплуатацыя пілатуемых лятальных апаратаў і іх сілавых установак, тэхнічная эксплуатацыя электрасістэм і пілатажна-навігацыйных комплексаў лятальных апаратаў», «тэхнічная эксплуатацыя пілатуемых лятальных апаратаў і іх сілавых установак», «тэхнічная эксплуатацыя электрасістэм і пілатаж-на-навігацыйных комплексаў лятальных апаратаў, «авіяцыйныя радыёэлектронныя сістэмы (бартавыя)», «эксплуатацыя паветранага транспарту, кіраванне паветраным рухам (армейская авіяцыя)». Выпускнікі Ваеннай акадэміі пасля яе заканчэння праходзяць службу ў авіяцыі МНС, штат якой размяшчаецца ў Мінску і абласных цэнтрах краіны.

Для фарміравання асабістай справы на паступленне трэба звяртацца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях (г. п. Шуміліна, вул. Луначарскага, 44а, т. 5-72-01).

Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *