Чым вабіць Шуміліншчына? Багатай фаўнай
Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусі кожны месяц 2024 года прапанавала прысвяціць аднаму з 13-ці відаў турызму, якія актыўна развіваюцца ў краіне. Лістапад абвешчаны месяцам паляўнічага турызму.
Гэты напрамак турызму шырока развіты і на Шуміліншчыне, паслугі паляўнічым аказваюць Шумілінская паляўнічая гаспадарка абласной арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і Шумілінскі лясгас.
Паляўнічыя ўгоддзі Шумілінскага лясгаса – 49,1 тысячы гектараў плошчы, з якіх 35,5 тысячы лясных угоддзяў, 15,2 тысячы палявых і 8,4 тысячы – водна-балотных, – пачаў гутарку інжынер па паляўнічай гаспадарцы лясгаса Павел Цішкевіч. – Шуміліншчына прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця пры-ваблівае багатай фаўнай: нашы лясы насяляюць ласі, дзікі, алені, казулі, лісы, зайцы, шмат у нас розных птушак.
Кошт сезоннай пуцёўкі на паляванне розны, як кажуць, на любую кішэню. Самая танная пуцёўка каштуе 60 рублёў і дазваляе паляваць на качку, гуся і іншых вадаплаўных птушак. А вось паляванне на дарослую жывёлу будзе каштаваць ад 700 да 2 тысяч рублёў.
Паляваць у Шумілінскі лясгас едуць як з Беларусі, так і з Расійскай Федэрацыі. Для замежных паляўнічых сёлета было арганізавана пяць тураў. Як адзначае Павел Цішкевіч, расіяне прыязджаюць на працягу ўсяго паляўнічага сезона: з канца сакавіка, калі пачынаецца вясенняе паляванне на вадаплаўных птушак, і да таго часу, калі заканчваецца дазвол на здабычу парнакапытных. Турысты з Расіі прынеслі лясгасу прыбытак у 5,7 тысячы рублёў.
Але асноўныя турысты ў Шумілінскім лясгасе – паляўнічыя з Віцебска, Полацка і Мінска. Між іншым, некаторыя прыязджаюць на Шуміліншчыну штомесяц. Вялікі плюс для турыстаў у тым, што ў Роўным ёсць домік паляўнічага, дзе пасля любімага хобі можна адпачыць у камфортных умовах і назаўтра спакойна паехаць дадому. «Домік паляўнічага даволі запатрабаваны, – кажа Павел Цішкевіч. – Так, напрыклад, 25-26 кастрычніка ў доміку пасля палявання начавалі 9 турыстаў з Мінска. Ужо ёсць заяўкі і на снежань». Лясгас ад беларускіх паляўнічых зарабіў 32,3 тысячы рублёў.
Патэнцыял для развіцця паляўнічага турызму ў Шумілінскім лясгасе вялікі. Гэта добра разумеюць і спецыялісты арганізацыі. Так, на дадзены момант здабыта 49 з 80 дазволеных казуль, 23 з 35 ласёў, 12 з 40 баброў.
«З кожным годам на Шуміліншчыну прыязджае больш паляўнічых, – падсумоўвае Павел Цішкевіч. – Адна з прычын, чаму да нас едуць, па словах саміх жа паляўнічых, – усе паляванні былі ўдалымі. І пасля гэтага, як гаворыцца, знаёмыя клічуць знаёмых. Канешне, хочацца, каб пра нас ведалі значна больш. Канкрэтныя распрацоўкі і планы ёсць, будзем працаваць над рэалізацыяй задач».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.