“Любоў, як зорачка, гарыць…”
На двары раскашавала бабіна лета. І ўсім, хто сабраўся ў той дзень у кафэ “Фартуна”, хацелася такога ж цяпла, толькі душэўнага, хацелася па-сапраўднаму адчуць сябе шчаслівым чалавекам. І, забягаючы наперад, шчыра скажам: арганізатарам свята такое ўдалося. Трэба было бачыць, як зачаравана слухалі на свяце “Ах, юбілей!” людзі з абмежаванымі магчымасцямі песні, вершы, як былі ўсцешаны ўвагай да сябе, як не здаваліся на волю хваробам і гадам.
Мае гады – маё багацце. Менавіта гэтыя сакраментальныя словы прыйшлі на памяць, калі вядучая пачала ўслаўляць юбіляраў. Спачатку тых, каму 80 гадоў, затым тых, каму 75, 70 і 65 і нарэшце 60-гадовых. Юбілярам – кветкі і сувеніры. У іх гонар песні і вершы. Дарэчы, папесціць задушэўнай песняй, прачулымі вершамі ўласнага напісання была запрошана група артыстаў “Планета-Ікс” з в. Альгова Віцебскага раёна. Усе песні выконваліся пад гарачыя апладысменты. Назва адной з іх і вынесена ў загаловак нататак. Вельмі спадабаліся і вершы – жартоўныя і сур’ёзныя, але аднолькава ўдумлівыя і шчырыя. Шаноўныя госці падарылі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” насценны гадзіннік (“Як абярэг”, – абвясціла кіраўнік групы Г. А. Хачатурыдзе). Не засталіся ў даўгу і шумілінцы: напрыканцы свята пад воплескі ўдзячных гледачоў уручылі “Планеце-Ікс” свой падарунак. З юбілейных віншаванняў асабліва ўразіў танец з выхадам, які імпэтна (а жанчыне 60), агніста і зухавата выканала адна з юбілярак.
Першая старонка свята – “юбіляры”, спадабалася ўсім. Як і ўсе наступныя. Каб павіншаваць пераможцаў раённага конкурсу на лепшы падворак “Мая зямля – мой родны дом”, слова ўзяла старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага каардынацыйнага савета палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў І. М. Новікава. “Выдатна, што вы жывяце адной дружнай сям’ёй, – сказала Ірына Мікалаеўна. – Дзеліце разам і нягоды, і радасці. Гэта важна ў жыцці. І я бачу, што вы ніколі не падаеце духам, вы заўсёды нацэлены на міласэрнасць і любоў…”. І. М. Новікава ўручыла шасці гаспадыням падзячныя лісты і памятныя сувеніры.
На свята “Ах, юбілей!” у Шуміліна прыехалі старшыні рэспубліканскага і абласнога праўленняў грамадскага аб’яднання У. П. Патапенка і М. Я. Каралюн (на здымку ўверсе). Яны павіншавалі юбіляраў, уручылі граматы (у тым ліку за дастойны ўдзел у ІХ рэспубліканскім фестывалі славянскіх нацыянальных культур, які праходзіў у г. Гродна, і падчас “Славянскага базару ў Віцебску”) і каштоўныя падарункі.
Асаблівага гонару была ўдастоена старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Л. М. Нагібава. Любоў Мікалаеўна за выдатныя поспехі ў нялёгкай рабоце адзначана Ганаровай граматай рэспубліканскага і Ганаровай граматай абласнога праўлення таварыства. Песні па заяўках, “Белы вальс”, вершы, песня “Мама”, якая да слёз кранула многіх удзельнікаў свята – усё гэта ўдала дапаўняла пачастункі на святочных сталах – яблыкі, пячэнне, цукеркі, гронкі вінаграду…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №73 ад 14.09.2012 г.