Новае жыццё шумілінскіх сыраробаў
За студзень-верасень бягучага года ў Шумілінскім вытворчым цэху ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод», дзе працуюць 115 чалавек, перапрацавана 16894 тоны малака, выпушчана 1405 тон сыра.
Па падліках эканамістаў, выручка ад рэалізацыі склала 17 мільёнаў 790 тысяч рублёў, прыбытак ад рэалізацыі – 958 тысяч 527 рублёў.
Пад гандлёвай маркай «Ян Сыродел» вырабляюцца 14 гатункаў цвёрдых і паўцвёдрых сыроў, якія карыстаюцца папулярнасцю ў Беларусі і за яе межамі. Параўнальна нядаўна шумілінцы сталі выпускаць «цільзіцер», «гауда GRAND», «чэдар», «эдам» «сялянскі», «галандскі новы малады», «кальята», “малдаўскі асобы”.
Зараз у Шуміліне за суткі перапрацоўваюць 62 тоны сыравіны (у планах на наступны год – да 100 тон і дадаткова адкрыць каля 15 рабочых месцаў). Малако паступае з сельгаспрадпрыемстваў Шумілінскага і Віцебскага раёнаў.
Калі ў снежні 2023 года Шумілінскі вытворчы цэх ААТ «Полацкі малочны камбінат» у выніку рэарганізацыі быў далучаны да Верхнядзвінскага масласырзавода, у прадпрыемства пачалося новае жыццё. Кіраўніцтва нацэлена на добрую выніковую работу і на выпуск якаснай прадукцыі.
«Кіраўніцтва ўдзяляе пільную ўвагу не толькі вытворчасці, але і чалавеку працы – зразумеў гэта, як толькі прыйшоў сюды працаваць, – адзначыў намеснік дырэктара Верхнядзвінскага масласырзавода па кіраванні вытворчым цэхам г. п. Шуміліна Васіль Серафімовіч. – Вырас узровень заработнай платы, сацыяльны пакет стаў больш важкім. Работнікі атрымліваюць выплаты не толькі да юбілеяў, прафесійных і дзяржаўных святаў. Напрыклад, нядаўна кожны работнік атрымаў на набыццё гародніны па 500 рублёў, а да Дня маці і Дня бацькі – па 200 рублёў.
Кіраўніцтва масласырзавода клапоціцца пра якасць выпускаемай прадукцыі, таму ў нашым цэху быў праведзены рамонт з элементамі рэканструкцыі, на які затрачана каля 700 тысяч рублёў. Заменены дах на адміністрацыйным корпусе, участку вытворчасці сыроў, бытавых памяшканнях, адрамантаваны фасад завода і кацельня. Зараз ідзе ўстаноўка новай станцыі абезжалезвання. Заканчваецца рэканструкцыя памяшкання мыйкі, якое за кошт прыбудовы стала больш прасторным і зручным. Замянілі мыечнае абсталяванне на новае, устанавілі новыя ёмістасці для захоўвання сыравіны. Вельмі зручна, што пасля рэканструкцыі пункт прыёмкі малака і лабараторыя знаходзяцца пад адным дахам і працуюць як адзіны зладжаны механізм».
У вытворчага цэха шмат планаў і перспектыў. Да канца года плануюць закончыць уладкаванне разваротнай пляцоўкі для аўтатранспарту, пачаць мадэрнізацыю абсталявання вытворчага цэха, бурэнне новай артэзіянскай свідравіны. Ёсць у планах узвядзенне новай трансфарматарнай падстанцыі, аўтаматызацыя аддзялення салення сыру, закупка лініі па фасоўцы і ўпакоўцы цёртага сыру. Адным словам, прадпрыемства ўпэўнена крочыць наперад.
Праверка на якасць
Спецыялісты вытворчай лабараторыі на чале з інжынерам па якасці Вольгай Кашнікавай адказваюць за якасць сыравіны і выпускаемай прадукцыі на ўсіх яе этапах. Хімікі Алена Шароўская і Алена Пракопчык, лабарантхімік Святлана Іванова, мікрабіёлаг Наталля Пашкевіч робяць за дзень больш за 200 розных мікрабіялагічных і фізікахімічных аналізаў. У дапамогу – новыя ламінарны бокс, цэнтрыфуга, аналізатар малака і іншае сучаснае абсталяванне. Каманда лабараторыі рапартуе: прадукцыя на заводзе выпускаецца якасная!
Сяргей Шыбакоў і яго каманда
Начальнік цэха па вытворчасці сыроў Сяргей Шыбакоў ганарыцца прафесіяналізмам сваёй каманды – сыраробамі, апаратчыкамі, майстрамі. Многія з іх былі ўдастоены ганаровых грамат і падзяк у мінулыя гады. Сёлета на Дошку гонару Верхнядзвінскага масласырзавода занесена прозвішча апаратчыка пастэрызацыі Віктара Карпушэнкі, Ганаровай граматай прадпрыемства ўзнагароджана апаратчык пастэрызацыі Валянціна Ільінец, падзякай – сыраробмайстар Юрый Шадзько.
Інжынерна-тэхнічны штаб
За тэхнічнае аснашчэнне прадпрыемства, тэхналагічны працэс вырабу сыроў, падлік прадукцыі і матэрыяльных каштоўнасцяў, спраўнасць тэхнікі і абсталявання ў адказе інжынернатэхнічныя работнікі – намеснік начальніка цэха Антон Гаеў, інжынертэхнолаг Таццяна Голубева, эканаміст Вольга Пашкоўская, учотчык Анастасія Цуранава, інжынермеханік Вячаслаў Лазука, інжынер па транспарце Аляксей Філіпаў.
62 тоны малака за суткі
На транспартным участку цэха, дзе налічваюцца 24 адзінкі розных аўтамабіляў, працуюць вопытныя вадзіцелі малакавозаў Фёдар Мацуганаў, Віктар Смолікаў, Андрэй Шляхцянкоў, Аляксандр Жураўкін. Цыстэрны іх малакавозаў змяшчаюць па 1520 тон малака. Работа нялёгкая – пачынаецца а пятай гадзіне раніцы і заканчваецца позна (іншы раз і ноччу). Так што тут працуюць людзі вытрыманыя, сапраўдныя прафесіяналы. Усяго вадзіцелі за дзень дастаўляюць на тэрыторыю цэха да 62 тон сыравіны з гаспадарак Віцебскага і Шумілінскага раёнаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.