Новае абсталяванне для стаматолагаў
Працягваецца мадэрнізацыя Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка надае значную ўвагу развіццю медыцынскага абслугоўвання. У рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2021-2025 гады» вядзецца мадэрнізацыя ўстаноў аховы здароўя, павышаецца якасць медпаслуг.
Сёлета ў Шумілінскай ЦРБ поўнасцю абновіцца абсталяванне ў стаматалагічных кабінетах. Як расказала раённы стаматолаг урач стаматолаг‑артапед Святлана Прыгун, у кастрычніку ў тэрапеўтычны стаматалагічны кабінет паступіў новы стаматалагічны комплекс.
«Устаноўка абсталяваная мноствам дадатковых прыстасаванняў і функцый, якія аблягчаюць работу ўрача‑стаматолага, робяць больш камфортным працэс лячэння зубоў для пацыентаў. Устаноўка больш магутная, мае магчымасць рэгулявання хуткасці работы інструментаў, абсталяваная фотапалімерызуючай лямпай, сэнсарнай рэгуліроўкай святла», — дадала раённы стаматолаг. Раней такія ўстаноўкі вытворчасці кітайскай кампаніі «WOSON» былі набытыя для платнага і артапедычнага стаматалагічных кабінетаў і добра зарэкамендавалі сябе ў рабоце. Кошт устаноўкі — больш за 12 тысяч рублёў.
Да канца года будуць закуплены яшчэ тры такія стаматалагічныя комплексы, на якія з бюджэту выдаткавана 45 тысяч рублёў. «Гэта дазволіць поўнасцю мадэрнізаваць стаматалагічныя кабінеты ў раённай паліклініцы. На наступны год у планах абнавіць стаматалагічныя кабінеты ў сельскіх амбулаторыях. Усё гэта дазволіць істотна павысіць якасць аказання стаматалагічных паслуг жыхарам раёна», — падкрэсліла Святлана Прыгун.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.