Рэканструкцыя цэха і 12 новых рабочых месцаў
Сёлета ў забойным цэху ТАА «Вітконпрадукт» у Шуміліне праведзена рэканструкцыя. Рэалізаваны інвестыцыйны праект на 13,5 мільёна рублёў, дзякуючы якому павялічана вытворчасць прадукцыі, дадаткова адкрыта 12 рабочых месцаў. Прадпрыемства ўклала ў мадэрнізацыю ўласныя сродкі.
«У цэху была праведзена рэканструкцыя памяшканняў патрашэння, раздзелкі і ўпакоўкі, – расказаў намеснік начальніка цэха Дзмітрый Торчык. – Убралі ручную працу – мяса апрацоўваецца ў аўтаматычным рэжыме. Цяпер лінія раздзелкі і патрашэння разлічана на 6 тысяч галоў птушкі за гадзіну, што ў два разы больш, чым было раней».
На лініі раздзелкі пастаўлена новае мадэрнізаванае аўтаматычнае абсталяванне з вялікай колькасцю рэгуліровак, дзякуючы чаму тушка куранят‑бройлераў раздзяляецца і на дробныя кавалкі. Аўтамат польскай вытворчасці для патрашэння (адзіны на ўсю рэспубліку, сцвярджае кіраўніцтва цэха) замяніў ручную працу і разлічаны прыняць адразу 16 галоў птушкі.
«Я вельмі задаволена, што ўладкавалася працаваць у цэх аператарам упаковачнай машыны, – расказала Вікторыя Русакова. – Мы ўпакоўваем за змену да 10 тысяч падложак мясных прадуктаў рознай вагі. Новая ўпаковачная машына дазволіла значна павялічыць хуткасць пакавання, змяніць знешні выгляд тары».
Ларыса ЗАЙЦАВА.