Перамаглі «Равеснікі»
Спорт яднае людзей розных узростаў і прафесій. На спартыўных стартах месца знойдзецца ўсім: ад спартсменаў, якія змагаюцца за перамогу, да балельшчыкаў, якія выплёскваюць энергію ў падтрымку сваіх каманд.
Менавіта так можна сказаць пра раённую спартландыю «Нас аб’ядноўвае спорт», якая прайшла на мінулым тыдні.
У спаборніцтвах прымалі ўдзел падлеткі з шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2 і Обальскай СШ. Разам з юнымі спартсменамі на спартыўную пляцоўку выйшлі прадстаўнікі РАУС, РАНС, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і настаўнікі.
З першага конкурсу каманды паказалі кемлівасць і спрыт. Работнікі фізкультурна-аздараўленчага цэнтра пастараліся, каб кожны этап быў цікавым і арыгінальным. Па выніках усіх этапаў перамагла каманда «Равеснікі» СШ № 2.
Людміла ГРУЗНЕВІЧ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама: Спартландыя «Нас аб’ядноўвае спорт» стала традыцыйным мерапрыемствам, у якім удзельнічаюць як падлеткі, так і суб’екты прафілактыкі. Спартландыя прайшла на ўра, і падлеткі, і дарослыя былі адзінымі камандамі. Плюс і ў тым, што з міліцыянерамі, ратавальнікамі і настаўнікамі можна было проста паразмаўляць у неафіцыйнай атмасферы, а гэта лепшая прафарыентацыйная работа.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.