10 ноября — День ветеранов органов внутренних дел. Отработал участковым 28 лет

Людзі і лёсы Общество

«28 год 28 дзён – на перадавой»

Анатолий Шатило с внучкой Ксенией.

Напярэдадні Дня ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС, які адзначаецца 10 лістапада, старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Юрый Арлоў наведаў былых калег. Разам з ім карэспандэнт раённай газеты накіравалася да былога ўчастковага інспектара міліцыі Анатоля Іванавіча Шацілы ў аграгарадок Слабада.

«Калі коратка пра сваю работу, то скажу так: 28 год 28 дзён на перадавой, – усміхнуўся Анатоль Іванавіч. – Усё жыццё быў участковым, і ганаруся гэтым!». Пасля тэрміновай ваеннай службы Анатолю Шацілу прыйшоў запыт на службу ў канвойным палку міліцыі ў Маскве. Але старэйшы брат Аляксандр, які на той час служыў ў Шумілінскім РАУС, адгаварыў ехаць у сталіцу СССР, бо на работу можна ўладкавацца і дома. Пасля вучобы ў Мінскай сярэдне-спецыяльнай школе міліцыі Анатоль быў накіраваны на службу ў Шуміліна ўчастковым інспектарам па справах непаўналетніх. Потым быў участковым інспектарам па Лаўжанскім і Мішневіцкім сельсаветах. Настаўнікам і дарадцам у маладога ўчастковага быў ветэран міліцыі з Мішневіч Дзмітрый Мікалаевіч Шашкоў.

У 70-ыя гады з тэхнікай у міліцыі было напружана. Участковыя дабіраліся ў населеныя пункты на рэйсавых аўтобусах і спадарожных машынах. Здаралася, што прыходзілася начаваць на Казьяншчыне ў знаёмых, бо вечарам не было як дабрацца да райцэнтра. Таму калі ўчастковаму выдзелілі матацыкл «Урал» – гэта было сапраўднае свята.

Служба ў міліцыі была напружанай. Участковы трымаў сувязь з мясцовымі жыхарамі, у кожнай вёсцы быў “свой чала-век”, які ў выпадку чаго падкажа і накіруе. Анатоль Шаціла добра кантактаваў з людзьмі, умеў выслухаць чалавека і дапамагчы, правесці прафілактычную работу і прадухіліць злачынства, згад-аюць яго калегі. І гэта вельмі цанілі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, на тэрыторыі якіх працаваў. Калгас імя Урыцкага і саўгас «Сіроцінскі» ў сярэдзіне 80-х гадоў зрабілі сумесны важкі падарунак участковаму – новенькі аўтамабіль «Ніва». Анатоль Іванавіч быў адзіным міліцыянерам раёна, які быў удастоены такога падарунка.

Анатоль Шаціла захаваў пра службу самыя добрыя ўспаміны. Кажа: калі б можна было вярнуць гады назад, то зноў бы пайшоў у міліцыю. Душу ветэрана грэе і тое, што двое сыноў пайшлі па бацькавых слядах: Аляксандр служыў міліцыянерам-вадзіцелем у службе аховы МУС, а Яўген з’яўляецца ваеннаслужачым унутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *