Таленавіты чалавек, са шчырай душой і адкрытым сэрцам
1 лістапада споўнілася 45 год, як загадчыца Мішкавіцкага сельскага клуба-бібліятэкі Зінаіда Касьянава працуе ў сферы культуры. З нагоды прафесійнага юбілею ў мясцовым клубе прайшоў творчы вечар.
На свята сабралася шмат гасцей. Калегі, сябры, суседзі, аднавяскоўцы прыйшлі ў клуб павіншаваць Зінаіду Аляксандраўну з прафесійным юбілеем. Галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Вольга Данчанка ўручыла Зінаідзе Касьянавай Падзяку сектара культуры райвыканкама за шматгадовую плённую працу і вернасць абранай прафесіі, пажадала творчых поспехаў і дабрабыту.
З цёплымі пажаданнямі завітала на свята намеснік дырэктара культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кольца г. Віцебска «Дзвіна» Валянціна Навіцкая. «Зінаіда Аляксандраўна – чалавек вялікага творчага таленту, са шчырай душой і адкрытым сэрцам, – адзначыла Валянціна Георгіеўна. – Яе праца неаднаразова была адзначана граматамі і падзякамі розных узроўняў, яна прымае ўдзел у грамадскай рабоце, не скардзіцца на недахоп часу і заўсёды ідзе наперад. Няхай і надалей ёй на ўсё хапае сіл і энергіі!».
Зінаіда Касьянава родам з Гарадоцкага раёна. У Мішкавічы прывяло каханне – з 1979 года (у 17 гадоў) пачала тут, у мясцовым клубе, сваю прафесійную дзейнасць. Зінаіда Аляксандраўна згадала пра камсамольскі і партыйны рух, пра ВІА «Тайнік», які быў створаны ў Мішкавічах, пра шматлікія мерапрыемствы і канцэрты, пра танцы ў клубе да чатырох гадзін раніцы, калі ўвогуле не клалася спаць, бо трэба было падаіць і вы-нацьу поле дзвюх кароў.
Шмат цёплых слоў у адрас загадчыцы клуба-бібліятэкі сказалі мясцовыя жыхары. Клуб быў і застаецца на вёсцы цэнтрам культуры, і землякі дзякавалі Зінаідзе Аляксандраўне за цікавыя мерапрыемствы, за творчасць.
Святочную праграму ў гонар прафесійнага юбілею Зінаіды Касьянавай падрыхтавалі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання РЦК. Музычныя і танцавальныя падарункі былі і ад жыхароў в. Мішкавічы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.