Орденоносцы. Кавалер ордена Октябрьской революции Михаил Рудов

Людзі і лёсы Общество

Брыгадзір Міхаіл Рудоў

Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі – гэта наша гісторыя і памяць. Гэта нагода ўзгадаць землякоў, якія за добрасумленную працу былі ўдастоены шаноўнай узнагароды – ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сярод такіх – Міхаіл Максімавіч Рудоў з райцэнтра.

Два гады таму герой працы пайшоў з жыцця. Але памяць пра яго жыве ў сэрцах блізкіх людзей, сяброў, калег. Родныя беражліва захоўваюць яго ордэны, медалі, граматы, якімі ён быў узнагароджаны за сумленную работу.

Міхаіл Рудоў вучыўся ў Віцебску на будаўніка, і ў канцы 50-х гадоў быў накіраваны на будаўніцтва першых дамоў у Наваполацку. Неўзабаве яго прызвалі на ваенную тэрміновую службу, адкуль вярнуўся ў Шуміліна і ўладкаваўся ў райсельгастэхніку. Ад прадпрыемства вывучыўся на курсах газаэлектразваршчыкаў, і ў 1965 годзе ўзначаліў брыгаду па мантажы абсталявання на жывёлагадоўчых аб’ектах. Работа была раз’язная – на фермах раёна ўстанаўлівалі і рамантавалі даільнае абсталяванне, паілкі, гноетранспарцёры. Працавалі не толькі на старых фермах, але на новых – у Лескавічах, Мішневічах, Непаротах. Кіраўніцтва райсельгастэхнікі накіроўвала брыгаду Рудова на самыя адказныя аб’екты, бо ведала: усё будзе зроблена як след. Летам, рыхтуючыся да жніва, рамантавалі і зернесушылкі. Людміла Піліпаўна, жонка Міхаіла Максімавіча (разам яны пражылі 48 гадоў) памятае, што часам муж вяртаўся дадому ноччу, часта працаваў у выхадныя –здараліся і аўралы, калі рамонт трэба было выканаць тэрмінова, сям’я з разуменнем адносілася да гэтага.

Кіраўнікі калгасаў і саўгасаў і райсельгастэхнікі вельмі паважалі М. М. Рудова за надзейнасць, партыйную прынцыповасць, добрасумленнасць. І калі на базе райсельгастэхнікі стварылі станцыю тэхабслугоўвання, перавялі туды самых вопытных, сярод якіх быў і Міхаіл Рудоў. Разам з калегамі ён праводзіў прафілактыку даільных установак, малакаправодаў, рамантаваў халадзільнікі для фермаў. Заўсёды спраўляліся ў тэрмін.

У 1977 годзе калектыў прадпрыемства вылучыў Міхаіла Рудова для ўзнагароды ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта была ўжо не першая ўзнагарода ў ягоным жыцці. У 1972 годзе Міхаіл Максімавіч быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

І сёння многія калегі помняць Міхаіла Рудова як добрага і сумленнага работніка, а яго родныя – як клапатлівага і самага лепшага ў свеце мужа, бацьку, дзядулю. Ён быў і застаецца прыкладам працавітасці, шчырасці для дачкі, сына і чатырох унукаў. Ён быў сапраўдным героем (аднойчы вынес з палаючага дома жанчыну, чым уратаваў ёй жыццё), камуністам, майстрам на ўсе рукі, сціплым чалавекам.

Ларыса ЗАЙЦАВА. Фота з сямейнага архіва Людмілы Рудовай.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *