Грошы лёгкія – наступствы цяжкія
Падлеткі часта шукаюць лёгкіх заробкаў. І часам праз інтэрнэт знаходзяць “грашовую работу” – ім прапануюць раскладваць невялікія пакуначкі па пэўных месцах. Не ўсе і здагадваюцца, што там наркатычныя сродкі. Як правіла, такі “заробак” доўжыцца нядоўга. Супрацоўнікам праваахоўных органаў няцяжка “вылічыць” такіх закладчыкаў, якім пагражае да 5 год пазбаўлення волі.
Гэтыя і іншыя факты прыводзіла падчас прафілактычных гутарак з падлеткамі старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дар’я Трафімава і развеяла некалькі міфаў пра незаконныя заробкі.
Міф. Вам паабяцаюць работу з легальнымі стымулюючымі рэчывамі, напрыклад, тытунёвымі сумесямі.
Праўда. Вам даручаць распаўсюджваць наркотыкі і псіхатропы. Гэта незаконна, і вы апынецеся за кратамі.
Міф. На першы погляд, не трэба ніякіх намаганняў: няма жорсткага графіку і офіснай руціны, многа вольнага часу.
Праўда. Крымінальная кар’ера нарка-закладчыкаў вельмі хуткая – некаторыя трапляюць у рукі праваахоўных органаў з першага разу.
Міф. Вас прымусяць паверыць у адсутнасць рызыкі і поўную канфідэнцыяльнасць.
Праўда. Бескантактны спосаб нарказбыту і іншыя меры канспірацыі не перашкодзяць хутка вас “вылічыць”.
Міф. Вы зможаце зарабіць хутка і вельмі многа без усялякіх укладанняў, а грошы будзеце атрымліваць на картку або электронны кашалёк.
Праўда. Наркотыкі для збыту вы купіце за свае грошы. Наркашоп не верне іх і не заплаціць за зробленыя закладкі, а прапануе ўзяць больш тавару для рэалізацыі. Схема будзе паўтарацца, пакуль вас не затрымаюць.
Ужываць і распаўсюджваць наркотыкі – не значыць быць дарослым, незалежным і сучасным. Гэта парушэнне закона, адказнасць наступае з 14 гадоў.