Афіцэры Шуміліншчыны папоўнілі рады Узброеных Сіл
Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб прызыве афіцэраў запасу на ваенную службу» афіцэры запасу прызываюцца на службу на адзін год.
– Пасля вучобы на ваенных кафедрах грамадзянскіх ВНУ маладым людзям прысвойваецца вайсковае званне «лейтэнант» і яны залічваюцца ў запас, – расказаў начальнік адасобленай групы аб’яднанага ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін. – Афіцэры могуць па ўласным жаданні пайсці служыць ва Узброеныя Сілы, ці іх могуць прызваць на службу на адзін год па Указу Прэзідэнта.
Афіцэрскі састаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь папоўняць трое нашых землякоў – настаўнік фізкультуры Мікіціхінскай СШ Аляксей Галавачоў, інструктар ФСК г. Віцебска Алег Шунякоў і трэнервыкладчык Шумілінскай СДЮШАР Станіслаў Гаралевіч.
Лейтэнанты Аляксей Галавачоў і Алег Шунякоў ужо прыступілі да службы у вайсковай часці ў Заслонаве, лейтэнант Станіслаў Гаралевіч прыбудзе да іх на наступным тыдні.
«Радзіма паклікала – значыць трэба, – адзначыў Аляксей. – Каб быць сапраўдным афіцэрам, адной ваеннай кафедры мала, трэба адчуць вайсковую атмасферу. Упэўнены, што афіцэрскі вопыт будзе карысным».
Двух шумілінцаў – Паўла Барысава і Юрыя Уласевіча – выклікалі на 25дзённыя зборы па падрыхтоўцы афіцэраў запасу. Павел праходзіць зборы ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Юрый – у вайсковай часці ў Заслонаве. «Добра разумею геапалітычную сітуацыю вакол Беларусі, – сказаў Павел Барысаў. – Мне на самой справе ёсць каго абараняць: хочацца, каб мая пяцігадовая дачка Паліна і мая сям’я жылі пад мірным небам. І я дзеля гэтага зраблю ўсё!».
Аляксандр ШЭДЗЬКО