Курсант Академии МВД после окончания вернётся служить в родной район

Закон Молодёжь

Будучы следчы райаддзела

Праз тры гады на службу ў раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь прыйдзе малады спецыяліст – лейтэнант  Аляксей Саманцоў. Сёння ён курсант другога курса следча-экспертнага факультэта Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў.

Выпускнік Шумілінскай СШ № 2 Аляк-сей Саманцоў доўга не мог вызначыцца, кім ён хоча стаць. Усё змяніла адна экскурсія. «Добра памятаю, як у пачатку навучальнага года наш выпускны клас запрасілі на экскурсію ў райаддзел Следчага камітэта, – расказвае Аляксей. – Мы пазнаёміліся са следчымі, пабачылі ўмовы работы, паспрабавалі сябе ў ролі экспертаў. Прыйшоўшы дадому, вырашыў перагледзець фільм пра Шэрлака Холмса».

Ужо праз тыдзень Аляксей Саманцоў быў у кабінеце начальніка РАСК Яўгена Іванова, які ў падрабязнасцях расказаў пра тое, як стаць следчым. «Для мяне вялікім плюсам стала і тое, што заключыў мэтавы кантракт, – дадае хлопец. – Я дакладна ведаю, што пасля заканчэння акадэміі буду служыць у Шуміліне. На маю думку, першае месца работы на малой радзіме – гэта выдатна».

Аляксей Саманцоў зараз з усмешкай успамінае мінулагодні курс маладога байца, а тады зусім не да смеху было. «Такія моманты павінны быць, – перакананы курсант. – Не можа ўсё лёгка давацца».

Першы курс праляцеў як адно імгненне. Аляксею Саманцову складана выдзеліць, што найбольш цікавым было. Успамінае стрэльбы з пісталета, якія былі тройчы на тыдзень, трэніроўкі па баявым самба, заняткі па правазнаўстве, як правільна весці допыт.

Жывуць курсанты-першакурснікі ў казарме, праўда, казармай гэта складана назваць – звычайны студэнцкі інтэрнат, праўда, з днявальным і агульнымі пад’ёмам а шостай раніцы і адбоем а дзясятай вечара. «Пасля шасці вечара ў нас вольны час. Можна спакойна выйсці ў горад, – расказвае Аляксей. – Няма абмежаванняў наконт тэлефона, а вось падчас заняткаў ім карыстацца забаронена. У 20.00 павінен быць у казарме».

Пасля першага курса курсантаў чакала першая практыка. Аляксей Саманцоў праходзіў яе ў Цэнтральным (г. Мінска) раённым аддзеле Следчага камітэта. «Вопытныя следчыя дзяліліся нюансамі работы. Мы адчувалі, што тэорыя і практыка на факультэце ідуць разам, – заўважыў курсант. – А гэта вельмі важна для следчых».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *