“Культурны код” у кожным з нас
Студэнты выпускнога курса – рэжысёр тэлебачання і аператар – атрымліваюць заданне стварыць дыпломную работу – дакументальны фільм пра Герб, Флаг і Гімн Рэспублікі Беларусь.
Вось так можна апісаць сюжэт фільма маладога рэжысёра Кірыла Халецкага, прэм’ерны паказ якога адбыўся 5 верасня на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Рэжысёр даволі крэатыўна ажыццявіў цікавую ідэю і проста расказаў аб складаным.
Атрымаўшы заданне, студэнты адпраўляюцца ў падарожжа па вуліцах гарадоў і вёсак Белаусі, па памятных мясцінах. Фільм насычаны вельмі яркімі сакавітымі кадрамі беларускіх краявідаў. Юныя героі пазнаюць гісторыю і значэнне дзяржаўных сімвалаў, асэнсоўваюць іх важнасць для кожнага грамадзяніна нашай краіны. Звычайныя людзі на вуліцах адказваюць на пытанне аб значэнні сімвалаў дзяржавы з іх пункту гледжання, эксперты дапаўняюць абгрунтаванымі аргументамі, навукоўцы расказваюць гісторыю стварэння галоўных сімвалаў беларускай дзяржавы. Фільм паказвае, што нацыянальны культурны код ёсць у кожным з нас на ўзроўні падсвядомасці.
Рэжысёр па-майстэрску спалучыў у кароткім фільме (яго працягласць 36 хвілін) яркую карцінку, простую мову, кліпавасць і адначасова высокую інфарматыўнасць – усё тое, што спадабаецца маладым. У “Культур-ным кодзе” ўдала спалучаюцца гульнявая сюжэтная лінія, дакументальныя кадры, сацыялагічнае апытанне.
Фільм зняты на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.
У Шуміліне на дэманстрацыю фільма былі запрошаны вучні ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі грамадскасці, ідэолагі арганізацый раёна. Пасля паказу мы папрасілі гледачоў падзяліцца сваімі ўражаннямі:
Іна Сінкевіч, намеснік дырэктара раённага цэнтра дзяцей і моладзі:
– Вельмі эмацыянальны фільм. За паўгадзіны ты перажываеш столькі эмоцый, узнікае гордасць за нашу краіну, гісторыю, за нашу моладзь. Вельмі прыгожы фільм: усё насычана колерамі – белы, чырвоны, зялёны – проста выбух.
Таццяна Цэрах, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:
– Мяне вельмі крануў гэты фільм. Пачуцці незвычайныя. Калі зайграў гімн, хацелася ўстаць і спяваць разам
Святлана Архіпава, г. п. Шуміліна:
– “Культурны код” – цікавы фільм, яркі, вельмі пазнавальны. Ён адрасаваны моладзі, будучым пакаленням. Фільм маштабны, нягледзячы на кароткі час. Усе мясціны знаёмыя, выклікаюць гонар за нашу, такую прыгожую, Беларусь.
Юлія Якуценка, начальнік аддзела Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Шумілінскага раёна:
– За кароткі час рэжысёр фільма змог умясціць многае: і неабходнасць працаваць у камандзе – мы павінны быць адзіныя, каб рабіць агульную добрую справу, і не-абходнасць пераемнасці пакаленняў – не ведаеш мінулага, не пабудуеш будучае, і патрэбу заяўляць пра сябе – мы заяўляем пра свой народ, сваю краіну дзяржаўнымі сімваламі, працавітасцю, міралюбствам. Асабіста для сябе я вынесла такую думку, што лепш быць зярняткам у сваёй дзяржаве, чым безыменнай пясчынкай у іншым. Трэба жыць, тварыць, працаваць у сваёй краіне, ганарыцца сімваламі нашай Беларусі.
Аляксандра Якуценка, вучаніца 3 “Б” класа Шумілінскай СШ № 1:
– Мне спадабаўся фільм. У ім цікава расказалі пра Дзяржаўны герб, Дзяржаўны флаг і Дзяржаўны гімн. Я ведала пра гэтыя сімвалы, але паслухаць і паглядзець пра гэта ў фільме было цікава. А калі спявалі гімн на экране, я таксама спявала.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.