Вясковы каларыт плюс умелыя рукі
Вясковы каларыт удала спалучаецца з нотамі сучаснасці, малымі архітэктурнымі формамі, вырабленымі сваімі рукамі. Гэта пра падворак Людмілы і Юрыя Кузаўковых з Шуміліна, якія трымаюць дачны дом у вёсцы Лялюгі Дабейскага сельсавета. Тут дагледжана, прыгожа і стыльна.
«У гэтым доме раней жыла мая бабуля, – расказала Людміла. – Мы не кідаем родны дом – цяпер тут наша дача, усё зрабілі на свой густ, навялі парадак. Памочнікі – дочкі Алёна і Алеся, а таксама мая маці Вера Міхайлаўна. Нам даспадобы вёска, цішыня, кветкі, чыстае паветра. Усе выхадныя і водпуск праводзім у Лялюгах».
Вясковы дом, пафарбаваны ў ярка-жоўты колер, упрыгожваюць кветнікі ўздоўж агароджы, на падворку і ў агародзе, каля дома пасаджаны туі. Падстаўка для кветак, вазон у форме парасона, альтанка, стол, лавачкі і мангал зроблены ўмелымі рукамі гаспадара. Ля цэнтральнага ўвахода ў дом – навес з полікарбанату, які вядзе да самага ганка. Адным словам, створаны ўсе ўмовы для жыцця і адпачынку. Кузаўковы – людзі гасцінныя і шчырыя. Сёлета яны запрасілі да сябе на падворак усіх жыхароў Лялюг, калі праходзіла свята вёскі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.