«АграБаравінка» сее азімыя ячмень
Адчуваеш асаблівае задавальненне, калі бачыш, як ідзе па полі трактар з пасяўным агрэгатам: лёгка, упэўнена, прыгожа. Гэта ва ўрочышчы Аэрадром, што за вёскай Ужляціна, сее азімы ячмень Павел Баршынаў (на здымку).
На палеткі, дзе ідзе сяўба азімых зерневых, прыехалі разам з дырэктарам ААТ «АграБаравінка» Яўгенам Мурашкам. «Уся надзея на Паўла Баршынава! – кажа Яўген Георгіевіч. – Ён працуе ў цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, а вясной і восенню прыходзіць нам на дапамогу, за што яму вялікі дзякуй!».
Сёлета «АграБаравінка» першай у раёне распачала сяўбу азімых зерневых. Па плане трэба засеяць 900 гектараў (на 100 га больш, чым летась). У два разы (да 400 гектараў) павялічылі сяўбу азімага ячменю, які сёлета даў нядрэнны ўраджай.
«У гэтым годзе працаваць на палетках адно задавальненне: цёпла і суха, – адзначае Павел Баршынаў. – Гэта ўжо другі этап восеньскай сяўбы, бо да гэтага засеяў 400 гектараў рапсу “АграБа-равінцы” і 120 гектараў “Шумілінскаму райаграсэрвісу”. Многа гадоў адпрацаваў у сельскай гаспадарцы і разумею ўсю важнасць работы: азімыя зерневыя трэба засеяць своечасова. Як правіла, яны даюць большы ўраджай, чым яравыя».
Кожны дзень на асабістым рахунку механізатара – па 30-35 засеяных гектараў. На раніцу 5 верасня ў «АграБаравінцы» было засеяна 275 гектараў (30,6% да плана). Наперадзе яшчэ сяўба азімай пшаніцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.