Падарылі пакрывалы дзіцячаму саду
Цудоўны падарунак да 1 верасня атрымалі выхаванцы дзіцячага сада № 3 г. п. Шуміліна – 22 пакрывалы для ложкаў.
Уручылі іх адзінаццацікласнікі СШ № 1 Ульяна Арлова і Алёна Аверчанка разам з настаўніцай працоўнага навучання Ірынай Кучко і дырэктарам школы Вольгай Далецкай.
– Мы вельмі чакалі такі падарунак, – прызналася загадчыца дзіцячага сада Наталля Пашкевіч. – У групе для дзяцей сярэдняга ўзросту мы зрабілі касметычны рамонт з дапамогай сродкаў папячыцельскага савета і спонсараў – ПМК-70 і РАНС. І пакрывалы нам былі вельмі дарэчы.
Часовая занятасць моладзі ў СШ № 1 была арганізавана на працягу ўсяго лета. Спачатку дзеці займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі (працавалі 24 старшакласнікі): высаджвалі расаду, палівалі яе, займаліся праполкай. Пяцёра вучняў выраблялі тратуарную плітку, якую будуць укладваць ля школы. «Дзве групы дзяўчат (па 11 чалавек кожная) шылі, – дадала Вольга Рамасаўна. – Адна група шыла пакрывалы для дзіцячага сада, другая – наматрацнікі для школьнай групы падоўжанага дня. Работы прадоўжацца і ў верасні. Наперадзе – выраб стэндаў для аддзела па адукацыі райвыканкама і рамонт школьнай мэблі».
Часовая занятасць – добры вопыт і працоўны ўрок для старшакласнікаў. Да таго ж, гэта работа аплачваемая. Так што многія дзевяцікласнікі і дзесяцікласнікі атрымалі свае першыя ў жыцці грошы ў сценах школы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.