Отчётно-выборная конференция районной организации профсоюза работников АПК прошла в Шумилино

Новости Общество Сельское хозяйство

«Любіць людзей! Працаваць для людзей!»

У актавай зале гіcторыка-краязнаўчага музея прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК.

У яе рабоце прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Дзіканава.

З дакладам аб рабоце раённай арганізацыі выступіла яе старшыня Вольга Пусянкова. У склад Шумілінскай прафсаюзнай арганізацыі ўваходзіць 21 пярвічка (шэ-сць былі створаны за апошнія пяць гадоў) з агульнай колькасцю 1185 чалавек. На рахунку арганізацыі – шмат добрых спраў. Абараняліся працоўныя і сацыяльныя гарантыі работнікаў, вялікая ўвага ўдзялялася маральнай і псіхалагічнай атмасферы ў калектывах, ахове працы. За апошнія тры гады пярвічкі Шуміліншчыны бралі прызавыя месцы ў абласным аглядзе-конкурсе сярод грамадскіх інспектараў па ахове працы.

Нямала лідараў працы рупіцца на фермах, палетках, у цэхах. Іх работу цэніць і бачыць прафсаюз, арганізуе прафсаюзныя спаборніцтвы сярод жывёлаводаў, на сяўбе, нарыхтоўцы кармоў і жніве. «Чалавек давярае прафсаюзу і верыць у яго, – адзначыла Вольга Пусянкова. – Лозунг нашай арганізацыі: «Любіць людзей! Працаваць для людзей!».

«На рахунку Шумілінскай прафсаюзнай арганізацыі шмат карысных спраў і цікавых мерапрыемстваў, – адзначыла Таццяна Дзіканава. – Ваш конкурс “Лепшы араты” пераймае нават вобласць». Таццяна Дзіканава прапанавала на пасаду старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК кандыдатуру Вольгі Пусянковай, усе адзінагалосна падтрымалі.

На канферэнцыі Падзякамі Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК былі ўзнагароджаны вадзіцель ААТ «Ляжні» Міхаіл Лазука, загадчыца склада КУСГП «Сіроцінскі» Таццяна Лявонава, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ТАА «Вежа» Юрый Афанасьеў.

За плённую работу многія лідары прафсаюзнага руху былі адзначаны граматамі райкама прафсаюза работнікаў АПК.

На мерапрыемстве былі абраны дэлегаты на абласную канферэнцыю аграпрамысловага комплексу і раённага аб’яднання.

Для ўдзельнікаў канферэнцыі работнікі ТАА «Вежа» арганізавалі ў фае музея дэгустацыю сваёй безалкагольнай прадукцыі.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *