Перспективы и векторы развития образования обсудили педагоги Шумилинского района на августовской конференции

Новости Образование

Якасць адукацыі: вектары развіцця і перспектывы на будучае

Раённая педагагічная канферэнцыя прайшла 28 жніўня ў раённым цэнтры культуры. Удзел у яе рабоце прынялі старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.

Жнівеньская канферэнцыя – асаблівая традыцыя педагогаў, сагрэтая цеплынёй апошніх летніх дзён і любоўю да прафесіі. Гэта час адліку новых спраў, вызначэння задач, старт новага жыцця ў адукацыі. Раённы цэнтр культуры ў гэты дзень быў напоўнены самымі цёплымі ўсмешкамі і шчырымі размовамі. Бачна, што за гэтыя летнія месяцы настаўнікі засумавалі па ўзаемінах, ім ёсць чым падзяліцца з калегамі, ёсць пра што спытаць і пацікавіцца. І бачна, што яны настроены на сур’ёзную работу.

Усе з задавальненнем рабілі здымкі ў фотазонах, разглядалі шматлікія выставы, арганізаваныя ўстановамі адукацыі раёна. Адразу на ўваходзе звярталі на сябе ўвагу калейдаскоп фотаздымкаў «Лета – яркія фарбы» і выстава «Назад у СССР», далей усе спыняліся каля фотаматэрыялаў пра педагогаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і знакамітых выпускнікоў, якія падрыхтаваны ў рамках рэалізацыі раённага праекта «Гісторыя сістэмы адукацыі ў фактах, лічбах і асобах». 9 школ прадставілі банеры на тэму сваіх школьных традыцый, дашкольная адукацыя – метадычныя распрацоўкі і дыдактычны матэрыял, якія выкарыстоўваюцца на занятках. Былі тут таксама аформлены выставы вучэбных дапаможнікаў і перыядычнага друку з публікацыямі нашых педагогаў. Адным словам, змястоўна, актуальна і сучасна.

Адным з асноўных чаканняў грамадства, дзяржавы і бацькоў ад сучаснай сістэмы адукацыі з’яўляецца яе якасць, падкрэсліла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая, і пастаралася адказаць у сваім грунтоўным дакладзе на пытанне, якім чынам педагогі раёна могуць падняць узровень адукацыі, якія ўмовы і рэсурсы ёсць і якія неабходныя, а таксама якія моманты неабходна ўлічваць пры выхаванні сацыяльна адказнай асобы.Яна падвяла вынікі адыходзячага года і абазначыла напрамкі развіцця сістэмы адукацыі раёна на будучы вучэбны год.

«Мы гатовыя да старту ў новы навучальны год, усе ўстановы адукацыі прайшлі праверку гатоўнасці і сёння гатовыя да прыёму дзяцей, – падвяла вынікі выступлення Аксана Талстая. – Мы ўдзячныя раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў, кіраўнікам і калектывам устаноў адукацыі, арганізацый і прадпрыемстваў, бацькам і сацыяльным партнёрам за дапамогу ў падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. У нас ёсць усе магчымасці і рэсурсы, каб захаваць і памножыць дасягнутыя вынікі, рэалізаваць намечаныя планы і эфектыўна вырашыць задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі».

У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел намеснік дырэктара Обальскай СШ Вольга Баранава, намеснік дырэктара Шумілінскай СШ № 2 Маргарыта Федчанка, педагог д/с № 2 Таццяна Хаеўская, дырэктар Мікіціхінскай СШ Таццяна Волкава.

Да педагагічнай супольнасці звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык. Ён падзякаваў усім, хто працуе ў гэтай галіне, за высокі ўзровень адказнасці і бясцэнны ўклад у выхаванне маладога пакалення шумілінцаў. Клопат пра будучае пакаленне – самая надзейная, разумная і высакародная інвестыцыя, заўважыў Сяргей Аляксандравіч, і падкрэсліў, што ўлада будзе падтрымліваць сістэму адукацыі і надалей, каб і педагогам, і вучням было камфортна працаваць і вучыцца. Разам з тым укладзеныя сродкі павінны прыносіць аддачу. Старшыня райвыканкама адзначыў тыя напрамкі работы, якія патрабуюць удасканалення і больш сур’ёзнай работы.

Нямала імёнаў гучала са сцэны – у час педканферэнцыі заслужаныя ўзнагароды лепшым з лепшых уручылі старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і начальнік аддзела па адукацыі Аксана Талстая. Усяго ўзнагароды атрымалі 25 настаўнікаў.

Па добрай традыцыі на педагагічным форуме прадставілі маладых спецыялістаў. Сёлета ў раён пасля заканчэння навучальных устаноў прыйшлі восем маладых педагогаў, радуе, што ўсе мясцовыя. З віншаваннямі і пажаданнямі плённай работы і кар’ернага росту, па­бацькоўскаму цёпла і шчыра да іх звярнулася настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 Галіна Масюкова. Яны ў сваю чаргу паабяцалі старацца і годна трымаць імідж педагога.

Хвіліны асалоды ўсім падарылі творчыя нумары ад саміх педагогаў і дзіцячых калектываў, работнікаў РЦК. Закончылася канферэнцыя прывычным для педагогаў жніўным пажаданнем «З новым навучальным годам!».

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *