Маршруты пабудаваны

Як расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая, у новым навучальным годзе 221 дзіця будуць падвозіць з населеных пунктаў у школы і дзіцячыя сады раёна.
Для дастаўкі дзяцей распрацаваны 10 маршрутаў (летась было 9). «У нас з’явіўся аўтобус для перавозкі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, – адзначае начальнік упраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Аляксандр Гаўрылаў. – Па новым маршруце, агульная працягласць якога 164 км, будзем вазіць дзяцей з Шуміліна, Мішневіч, Обалі і Мікіціхі ў раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі».
На адвозцы дзяцей задзейнічаны 10 аўтобусаў, яшчэ адзін аўтобус у рэзерве (дарэчы, гэты аўтобус самы стары, яму 8 год). Самы доўгі маршрут, па якому дастаўляюць дзяцей у Амросавіцкую БШ: Шуміліна –пасёлак Заводскі – Крывое Сяло – Ляжні –Амбросавічы. Агульны кіламетраж за дзень складае 206 км. Самы кароткі маршрут (43 км) – у Шумілінскай СШ № 1 і дзіцячага сада № 1, куды прывозяць дзяцей з Засіннікаў і Каравайніцы. Праўда, па гэтым маршруце ездзяць двойчы, бо ў СШ № 1 вучні займаюцца ў дзве змены.
Больш усяго дзяцей падвозяць у Кардонскую СШ – 58 вучняў. Для гэтага будуць задзейнічаны 2 аўтобусы.
Раней за ўсіх прыйдзецца ўставаць выпускніку Шумілінскай СШ № 2, якога з Амбросавіч забіраюць у 7.05. А дадому пазней за ўсіх, у 19.30, прыязджаюць у Каравайніцу вучні другой змены СШ №1.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.