Камбайны даедуць да кожнага ўчастка
Паралельна з уборкай зерневых на палетках гаспадарак механізатары сельгасарганізацый прыступілі да жніва на прыватных агародах вяскоўцаў.
У гэтым годзе па раёне маецца 412 участкаў агульнай плошчай 82,67 гектара. Рэкамендуемая цана ўборкі за адну сотку – 4,30 рубля.
У мінулыя выхадныя, калі стаяла спякотнае надвор’е, грэх было не абмалочваць агароды. І старшыні многіх сельвыканкамаў правялі выхадныя на вясковых агародах, дзе вёўся абмалот. Хто шчыра папрацаваў, той і добры вынік мае: поўнасцю ўсе ўчасткі з зерневымі абмалочаны на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета (ААТ «Ляжні»), Обальскага (пастараліся механізатары СУП «Лаўжанскае» і КУСГП «Ульскі»). На тэрыторыі Дабейскага сельсавета поўнасцю змалацілі ўчасткі на тэрыторыі ААТ «Ляжні», а на тэрыторыі ААТ «Прыазёрны мір» яшчэ засталося 12 неабмалочаных агародаў. Плённа ў выхадныя рупіліся камбайнеры ААТ «АграБаравінка» – абмалацілі ўчасткі на тэрыторыі Светласельскага сельсавета. Разам з гэтым вяскоўцы чакаюць камбайнераў УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» – на 12 агародах каласы хіляцца долу.
На раніцу 19 жніўня па раёне было абмалочана 284 прыватныя ўчасткі з зерневымі, засталося 128 агародаў. Паўсотню з іх засталося ўбраць на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета (УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» і СУП «Лаўжанскае»), на тэрыторыі Мішневіцкага і Сіроцінскага – па 26 і 21 адпаведна (сюды прыедуць камбайны КУСГП «Сіроцінскі»). Вяскоўцам вельмі хочацца, каб гэта было хутчэй, да сезона дажджоў – вельмі зручна засыпаць зерне на захоўванне адразу сухім.
Кіраўнікі сельгасгаспадарак, старшыні сельвыканкамаў заклікаюць жыхароў раёна больш адказна адносіцца да абмалоту ўчасткаў. Каб не было выпадкаў, калі прыехаў камбайн, а людзі адмаўляюцца ад абмалоту, таму што не падабаецца тэхніка, механізатар ці па іншых надуманых прычынах.
Ларыса КІСЯЛЁВА.