«Нас аб’ядноўвае жаданне жыць»
У ТЦСАН на мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя ўтварэння ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», прыехаў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Канстанцін Ламчаноўскі. Ён расказаў пра гісторыю стварэння таварыства, пра новыя магчымасці сацыялізацыі людзей са слабым зрокам. «Стагоддзе – гэты значны стаж для любой арганізацыі, – падкрэсліў Канстанцін Канстанцінавіч. – Нас аб’ядноўвае жаданне жыць, шукаць пазітыў у буднях, не замыкацца ў сабе, дапамагаць адзін аднаму, па магчымасці працаваць».
Канстанцін Ламчаноўскі ўручыў Ганаровую грамату Галіне Маркавай, якая доўгія гады ўзначальвала раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці абласной арганізацыі. Падзякі за актыўную жыццёвую пазіцыю ўручыла дырэктар цэнтра Таццяна Донюш. Шчырыя словы выказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Юлія Сцяпанава.
На мерапрыемства завітала старшыня раённай арганізацыі РГА «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» Таццяна Казакова. Яна ўручыла жыхарцы райцэнтра Паліне Шніпавай падарунак – гаворачы танометр.
Работнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў падрыхтавалі святочны канцэрт, які падарыў прысутным пазітыўныя эмоцыі і святочны настрой.
Ларыса КІСЯЛЁВА.