Жители деревни Лелюги Добейского сельсовета провели праздник деревни

Культура Новости Общество

Лялюгі: мілая малая радзіма, цёплы бацькоўскі кут

У кожнай вёсцы, як і ў людзей, ёсць свая біяграфія. Цікавая яна і ў Лялюгах, дзе нядаўна прайшло свята вёскі.

Пра гісторыю населенага пункта расказала бібліятэкар Дабейскай сельскай бібліятэкі Ала Бубен. Упершыню ў дакументах вёска згадваецца ў 1781 годзе. Праўда, называлася яна тады Бісеркі і належала Бешанковіцкаму маёнтку графа Літавора-Хрыптовіча. І ў 1906 годзе згодна з дакументам «Спіс населеных месцаў Віцебскай губерні» тут пражывала 128 чалавек, а ў 1921 годзе была адкрыта Бісерская школа. У многіх мясцовых людзей у пасведчанні аб нараджэнні значыцца вёска Бісеркі. Блытаніна з назвамі закончылася толькі ў 50-х гадах, калі за вёскай пакінулі адну назву – Лялюгі. А паходзіць яна ад слова Ляльнік (Лельнік) – так называлі старажытнае вясенняе свята, якое раней адзначалі 22 красавіка (па старым стылі). Самая прыгожая дзяўчына, упрыгожаная вянком, грала ролю багіні Лелі. Яна садзілася на лаўку, а каля яе людзі ставілі пачастункі – хлеб, малако, сыр, смятану. Дзяўчаты вадзілі вакол карагоды і спявалі песні, у якіх прасілі цёплага лета і багатых ураджаяў. Як сведчаць гістарычныя дакументы, на такім свяце было весела.

Гэтак жа было і свяце вёскі ў Лялюгах. Павіншаваць землякоў, падзякаваць ім за руплівую работу (большасць мясцовых людзей працавалі ў сельскай гаспадарцы) прыехаў старшыня Дабейскага сельсавета Аляксей Іспянькоў. Аляксей Іванавіч узнагародзіў вяскоўцаў і дачнікаў, падворкі якіх выдзяляюцца прыгажосцю, сказаў шчырыя словы пра доўгажыхароў і іх сем’і.

Удзельнікі клуба «Душа» раённага цэнтра культуры прывезлі цікавую канцэртную праграму. Згадалі абаронцаў раёна, якім мы абавязаны за мірнае жыццё, пасляваенных працаўнікоў, чые руплівыя рукі даглядалі палеткі мясцовага сельгаспрадпрыемства, рупіліся на жывёлагадоўчых фермах. Вядучыя мерапрыемства раска-залі практычна пра кожную сям’ю, пра кожнага знайшлі ўхвальнае слова: у кагосьці юбілей сумеснага жыцця, нехта летам святкуе дзень нараджэння. Ёсць у Лялюгах і дачнікі – яны працуюць на зямлі, упрыгожваюць свае падворкі, робячы вёску больш прывабнай.

Свята вёскі прайшло весела, з песнямі і танцамі. Вяскоўцы, якія ўсе сабраліся на падворку дачнікаў Людмілы і Юрыя Кузаўковых, у гэты дзень адчувалі сябе адной вялікай дружнай сям’ёй.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *