Галоўнае, каб касцюмчык добра сядзеў
Зборы ў школу – хвалюючы і адначасова прыемны час для дзяцей (усё ж чакаюць абновы!) і нятанны для бацькоў. Звычайна яны складваюць спіс неабходных тавараў і адпраўляюцца разам з дзецьмі ў розныя гандлёвыя кропкі. І карэспандэнт раённай газеты накіравалася ў шумілінскія крамы, каб даведацца, што пачым да школьнага сезона.
Купляем алоўкі і сшыткі
Што тычыцца канцылярскіх вырабаў, то іх у Шуміліне на любы густ: багаты выбар у «Ёршыку», «Фікспрайсе», магазіне «Тры цаны». Дарэчы, мы пацікавіліся ў адной з шумілінскіх матуль, колькі будзе каштаваць набор канцылярыі для першакласніка – яна якраз рабіла пакупкі ў «Фікспрайсе». Разам налічылі тавару на 56 рублёў – пры гэтым бралі не самыя дарагія. Пра вучняў паклапаціліся ў магазінах «Метан», «Санта», «Хіт» і «Еўраопт» – арганізавалі школьныя куткі.
Дзе набыць адзенне і абутак
Школьную форму нам прапанавалі ў магазіне « Марк Фармэль» у райцэнтры. Тут можна купіць рознае школьнае адзенне па прымальных цэнах: штаны – за 21 руб., камізэльку – за 20 руб., джэмпер – за 15 руб., сарафаны і сукенкі каштавалі па 40 руб., спартыўныя касцюмы – па 35 руб (для вучняў пачатковых класаў).
Багаты выбар адзення быў у магазіне «Чырвоная цана». І ў мінулыя выхадныя, варта адзначыць, тут было даволі людна. Куплялі кашулі (па 30 руб.), штаны (па 40-45 руб.), рукзакі (самыя танныя каштуюць 30 руб.), сарафаны (па 30-40 руб.), туфлі (па 35-40 руб.), кеды і красоўкі (па 25-50 руб.) і многае іншае. Адзначым, што самым хадавым таварам быў абутак – ён тут па прымальных цэнах і карыстаецца попытам, бо абутковага магазіна ў райцэнтры няма.
А яшчэ прадаўцы расказалі, што ўжо каторы раз за лета завозяцца хлапчуковыя штаны – іх бацькі адразу бяруць па двое-трое, бо адных на школьны год не хапае. У магазіне сустракаем Юлію Козік з Обалі з дачкамі. «Жэня ідзе ў шосты клас, Ліза – у чацвёрты, Марыя – у трэці, – расказала Юля. – Сёння купляем для дзяўчат камізэлькі, сарафаны, блузкі, спартыўныя касцюмы. Зараз накіруемся ў прымерачную».
Адзенне для школьнікаў таксама можна падабраць у шумілінскіх індывідуальных радпрымальнікаў (другі паверх будынка КУП БАН). А яшчэ яго купляюць у інтэрнэт-магазіне «Валдберыс». Тут у жніўні гарачая пара, падзяліліся прадаўцы. Старшакласнікі заказваюць усё: ад сукенак і абутку да рукзакоў і алоўкаў, – расказалі дзесяцікласніцы, якія прыйшлі за таварам.
«Я выбрала кашулю і штаны», – кажа Насця Красоўская. «А я прыйшла за сіліконавым пеналам – ён зручны і няхутка становіцца брудным», – далучаецца да размовы Уладзіслава Шабліна.
«Валдберыс» – гэта зручна, ляжы на канапе – і выбірай тавар, – усміхаецца Злата Уласевіч. – Тут купляла туфлі, наборы ручак, пенал».
Робім вывад з абходу магазінаў: канцылярыі – уволю, адзенне купіць можна. А вось абутак толькі базарны, хто хоча фабрычны, больш якасны, таму прыйдзецца трымаць шлях у горад.
Школьны базар
– Мы даведаліся пра школьны базар праз сацыяльныя сеткі – вось і прыйшлі сюды з дачкой, – кажа адна з шумілінскіх матуль прадаўцам ААТ «Світанак». – Не толькі з-за цікаўнасці, бо даўно у райцэнтры не ладзіліся школьныя базары, але і за пакупкамі. Выбіраем гольфікі, каб насіць у школе пад сарафан. Яны тут недарагія – па 16 рублёў. Возьмем адразу два ці тры.
Умінулую суботу на тэрыторыі гарадскога рынка прадавалі школьныя рэчы. Музыка стварала бадзёры настрой. Ветлівыя прадаўцы запрашалі за пакупкамі.
Вытворчасці ААТ «Світанак» можна было набыць камізэлькі па 30 руб., сарафаны па 49 руб., штаны па 60-65 руб., школьныя сукенкі за 71 руб., спадніцы за 29 руб. Прычым, на ўсе тавары (акрамя камізэлек) дзейнічае скідка 20%, – рэкламавалі прадаўцы. Бацькі падыходзілі з дзецьмі, прымяралі, разлічваліся.
Вялікі інтарэс у пакупнікоў выклікалі тавары вытворчасці ААТ «Палессе». Цікавіліся спадніцамі і сарафанамі (абодва па 25 рублёў). Куплялі камізэлькі па 30 і цёплыя жакеты па 40 руб. Сярод пакупнікоў былі як шумілінцы, так і жыхары вёсак. «Мне купілі бардовую камізэльку, добра сядзіць на маёй фігуры!» – пахваліўся трэцякласнік Стас Шавяка.
«А мы з дачкой-пяцікласніцай Дашай прыехалі з Мішневіч, – кажа Наталля Несцерава. – Набылі ў прадаўцоў “Палесся” камізэльку і цёплы жакет. Якасцю тавараў задаволены».
Тавары на школьны базар прывезла індывідуальны прадпрымальнік з Шуміліна Алена Пракопчык. У яе можна было набыць кашулі для хлопчыкаў розных колераў па 35-40 рублёў, штаны па 35-50 рублёў, сарафаны і спадніцы па 20-25 рублёў. «Мне мама купіла дзве кашулі: цёмную – на кожны дзень, а светлую – для сцэны, я часта на святах чытаю вершы», – расказаў шасцікласнік Багдан Гарлачоў.
На школьным базары можна было набыць канцылярскія вырабы на любы густ – свае тавары прывезлі на базар гаспадары прыватнага шумілінскага магазіна «Ёршык». Асаблівай папулярнасцю ў гэты дзень карысталіся дзённікі і сшыткі. Сшыткі ў касую лінейку (для першакласнікаў) разабралі першымі.
А вось рукзакі вытворчасці «Паліком» не вельмі актыўна куплялі. Цэны вагаліся ад 38 да 96 рублёў. Хаця прадаўцы ручаліся за якасць і давалі гарантыю на тавар – 150 дзён з 1 верасня.
Сярод тавараў ААТ «Труд-Віцебск» да школьных тавараў можна было аднесці толькі майкі. Разам з тым тут куплялі пасцельную бялізну – школьнікам жа яна таксама патрэбна.
Заколкі, банты, шакаладніцы, зробленыя на розных гуртках, прынеслі на школьны базар работнікі ТЦСАНа.
Увогуле школьны базар быў хоць і невялікім, але тут можна было апрануць школьніка і сабраць неабходную канцылярыю у рукзак. Разам з тым некаторыя бацькі абураліся – не было абутку.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
ДЗЕ ЗБІРАЕЦЕ ДЗЯЦЕЙ ДА ШКОЛЫ?
Лідзія Дзеравянчык, Обаль: Многія абальчане ездзяць апранаць дзяцей да школы ў Полацк. І я не выключэнне. Абутак, рукзак, канцылярыю для дачушкі-другакласніцы Надзі куплялі ў полацкім універмагу. Зайшлі і ў кніжны магазін, каб набыць неабходныя вучэбныя дадаткі.
Любоў Асташонак, Шуміліна: Адзенне для школы купляем як у розных гандлёвых кропках Віцебска, так і ў Шуміліне. Сёлета, напрыклад, прывезлі на школьны базар камізэлькі патрэбнага памеру, дык навошта ехаць у Віцебск? У райцэнтры можна купіць і ўсю неабходную канцылярыю. А вось за абуткам трэба ехаць у горад.
Юлія Вялічка, Добрына: У школу першакласніцу Васілісу збіраем у Віцебску і Шуміліне. Ездзім на “Смаленскі базар”, дзе набываем адзенне і абутак. А вось за канцтаварамі прыязджаем толькі ў магазін “Ёршык” у райцэнтры – тут і выбар багаты, і цэны прымальныя.