Канікулы з карысцю: зарабіць грошы на будоўлі
Стала добрай традыцыяй, што летам у Шумілінскую ПМК‑70 ўладкоўваюцца шумілінскія страшакласнікі. «У нас падлеткі працуюць з чэрвеня па ліпень, – расказвае галоўны інжынер Шумілінскай ПМК‑70 Раман Карасёў. – Аб’ёмы работ улетку заўсёды вялікія, таму лішніх рук не бывае. Маладыя людзі пераважна працавалі на добраўпарадкаванні будаўнічых аб’ектаў».
У жніўні ў будаўнічую арганізацыю ўладкаваліся 8 падлеткаў. Як адзначыў Раман Карасёў, яны працуюць на аб’ектах як у Шуміліне, так і за межамі раёна. На мінулым тыдні сустрэліся з Яраславам Аўровым, Палінай Сільчанка, Мікітай Купрыянавым і Дзянісам Каральковым, якія працавалі на Шумілінскай СШ № 2. «Добрая, працавітая моладзь, – падкрэсліў старшы майстар Аляксандр Багданаў. – Стараюцца, працуюць па сумленні. Маладыя людзі рупяцца на добраўпарадкаванні тэрыторыі, убіраюць будаўнічае смецце, падносяць будматэрыялы, дапамагаюць на ўкладцы тратуарнай пліткі. Сумаваць і сядзець без працы ў іх не атрымліваецца».
Дзяніс Каралькоў і Паліна Сільчанка працавалі ў ПМК-70 у чэрвені. Дзяніс за месяц зарабіў крыху больш за тысячу рублёў, а Паліна – больш за 600. Заробкамі маладыя людзі былі задаволены, таму пайшлі працаваць і ў жніўні.
«У ліпені сядзела дома, – усміхаецца Паліна. – Сумна. Заняцца нечым. Вось і вырашыла перад вучобай у медыцынскім каледжы яшчэ месяц папрацаваць».
Дзяніс і Паліна па сакрэце падзяліліся, на што патрацяць грошы: хлопец – на новы веласіпед, а дзяўчына – на мабільны тэлефон.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.