«Калі быць следчым, то на ўсе 100%»

У раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аксана Аглушэвіч працуе з дня яго заснавання, з 2012 года. Маючы вышэйшую юрыдычную адукацыю (Аксана закончыла юрыдычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава), спачатку яна працавала інспектарам па справаводстве.
– Добра ведала, што такое работа следчага, – разважае Аксана Аглушэвіч. – Тут трэба аддавацца на ўсе 100%. Па-іншаму добрым следчым не будзеш. А ў меня сям’я, дзеці. Вось з мужам Аляксандрам, які працуе памочнікам дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы РАУС, і вырашылі пачакаць, калі дзеці падрастуць.
Мінулы год стаў для жанчыны пераломным: старшая дачка Кацярына закончыла ВНУ і працуе выхавальнікам у горадзе, сын Раман – дзевяцікласнік, хоць і жыве з бацькамі, але самастойны. Менавіта ў гэты час і споўнілася, як кажа Аксана, самае патаемнае жаданне – стала старшым следчым.
Начальнік райаддзела Яўген Іваноў адзначае, што для Аксаны работа следчым не стала навінкай, будучы інспектарам, яна вывучыла літаральна ўсе нюансы следчай работы.
Першай справай Аглушэвіч стала расследаванне крадзяжу. Яна дапытліва высвятляла ўсе падрабязнасці і прычыны, прыводзіла бясспрэчныя довады і аргументы. «Так, здаецца, і справа была нескладаная, – успамінае Аксана. – Але хвалявалася. Хацелася яе раскрыць, як гаворыцца, бездакорна».
Аксане Аглушэвіч не прыйшлося прызвычайвацца да новай пасады. У Следчым камітэце яна работнік са стажам, і, як казалі ў райаддзеле, ёй з першых дзён работы следчым можна было даваць самыя заблытаныя крымінальныя справы, бо яна «разблытае любы клубок».
Да новых службовых будняў родныя адносяцца з разуменнем, тым больш, што муж таксама супрацоўнік праваахоўных органаў, і кожны ў сям’і ведаў пра яе жаданне стаць следчым.
– Работа следчага патрабуе аператыўнасці і хуткасці, – падсумоўвае Аксана Аглушэвіч. – І такі рытм можа вытрымаць не кожны. Важна і падтрымка калег, і родных.
Сям’я для Аксаны Аглушэвіч – надзейны тыл. Ёсць вольная хвіліна, і Аглушэвічы ўсе разам едуць на прыроду ці падарожнічаюць па Беларусі. Апошнія пяць год у іх новае захапленне – валейбол. Справа ў тым, што сын Раман – капітан каманды Шумілінскай СДЮШАР – неаднаразова выйграваў абласныя і рэспубліканскія старты. Як кажа Раман, самая прыемная перамога тая, калі яе бачаць блізкія і родныя.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.