Другі круг пачаўся з перамогі
3-4 жніўня прайшлі першыя матчы другога круга рэгіянальнага этапа рэспубліканскіх спаборніцтваў па футболе чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе 2024 года сярод мужчынскіх каманд другой лігі (першынство Віцебскай вобласці па футболе).
У ядзелю, 4 жніўня, ФК «Шуміліна» дома прымаў браслаўскі «Дрывяціч». Адразу адзначым, што шумілінскія футбалісты правялі свой лепшы паядынак у сезоне. Шумілінскія футбалісты пачалі сустрэчу па-гаспадарску, з першых хвілін паказваючы, што перамога будзе за імі. У гэты дзень на футбольным полі была добрая збалансаваная каманда: абаронцы дзейнічалі ўпэўнена, на апошнім рубяжы надзейна стаяў Павел Барысаў, які некалькі разоў выратаваў каманду, атакі ішлі як праз цэнтр, так і па флангах, у нападзенні стваралі галявыя моманты. У сярэдзіне першага тайма госці парушылі правілы ў сваёй штрафной. Пенальці бездакорна рэалізаваў дэбютант «Шуміліна» Ягор Крыгін. З лікам 1:0 каманды пайшлі на перапынак.
Другі тайм пачаўся з непрыемнага моманту: нашы абаронцы памыліліся і дазволілі «Дрывяцічу» зраўняць лік. Пасля прапушчанага мяча шумілінцы пайшлі наперад. Адзін галявы момант стварылі, другі, трэці… Але вось мяч ўпарта не ляцеў у вароты. Трэнерскі штаб правёў замены, выпусціўшы на поле лепшага бамбардзіра каманды Антона Ганушчанку, які сваім другім крананнем мяча вывеў шумілінцаў наперад. Праз некалькі хвілін Антон зрабіў дубль. 3:1 – упэўненая перамога ФК «Шуміліна».
Іншыя гульні ў групе завяршыліся так: «Шаркоўшчына» –«Дзвіна» (Бешанковічы) – 5:1, «Лёзна» – «Днепр» (Дуброўна) – 1:0, «Ушачы» – «Дзвіна» (Верхнядзвінск) – 0:2.
Наступны матч ФК «Шуміліна» правядзе ў суботу, 10 жніўня, у Лёзне супраць мясцовай каманды.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.