Шумілінскія лесаводы дапамагаюць гомельскім калегам
Работнікі Шумілінскага лясгаса дапамагаюць гомельскім калегам ліквідавацьнаступствы разгулу стыхіі, яны камандзіраваны ў Хальчанскае лясніцтва Жлобінскага лясгаса Гомельскай вобласці на распрацоўку ветравальна-бураломных лесасек.
«Першымі, як кажуць, у разведку, на адвод і таксацыю лесасек адправіліся інжынер па лесакарыстанні Уладзіслаў Мельнічэнка, майстар лесу Аляксандр Вадап’янаў, ляснік Павел Клопаў, на распрацоўку ветравальна-бураломных лесасек – майстар на лесасеках Вячаслаў Лабейка, машыніст тралёвачнай машыны Юрый Лук’янаў, трактарыст на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Віктар Зубараў, вадзіцель аўтамабіля Юрый Пясецкі.
З пачатку работ яны правялі рубкі на плошчы 2,7 га, нарыхтавалі 1005 кубаметраў драўніны, забяспечылі падвозку на франка-прамежкавы склад у колькасці 330 кубаметраў, – расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Шумілінскага лясгаса Людміла Доктарава. – Пражыванне і харчаванне (абеды) работнікаў арганізаваны за кошт прадпрыемства, таксама выплачваюцца камандзіровачныя». Па словах Людмілы Сяргееўны, паступова будуць яшчэ накіроўвацца людзі і тэхніка.
Навальнічны фронт, які прайшоў па Беларусі 13-14 ліпеня, нарабіў бяды. Асабліва дасталося Гомельшчыне. Вынікам разгулу стыхіі стала буйное пашкоджанне лясных насаджэнняў – па папярэдніх ацэнках спецыялістаў пацярпела каля 15 тысяч гектараў. Зараз вядзецца суцэльная санітарная рубка лесу, каб як мага хутчэй адправіць яго на перапрацоўку і тым самым прадухіліць натуральнае псаванне таварнай драўніны.Восенню на ўсіх пашкоджаных стыхіяй пляцоўках будуць пасаджаны лясныя культуры.
Алена КАРПУШЭНКА.