Раённы турзлёт: здАрова і здОрава
Па баках лясной паляны каля возера ў Лескавічах як грыбы пасля дажджу 26 ліпеня вырас палатачны гарадок. Па ваколіцы разносілася музыка, паветра было насычана пахам шашлыкоў і рыбнай юшкі. На гэтыя пахі і гукі паспяшыла і карэспандэнт раённай газеты. «А што сёння тут за свята?» – запытаў мясцовы жыхар, якога сустрэлі з вудай у руках. «А вы раённую газету не пытаеце? На працягу двух дзён праходзіць раённы турзлёт! Абяцае быць гарачым і цікавым!».
Надвор’е ў гэты дзень было спякотным. Але яно не стала перашкодай удзельнікам турысцкага злёту прывезці з сабой добры настрой і бадзёры дух. Адкрыў раённы турзлёт начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук. Ён нагадаў, што мерапрыемства прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзю ўтварэння раёна, таму многія творчыя конкурсныя заданні звязаны з гэтымі датамі. Руслан Алегавіч пажадаў камандам перамог і добрага адпачынку. Хаця, адзначым, каманд было нямнога, усяго пяць: ЦРБ, аддзел па адукацыі райвыканкама, сектар культуры райвыканкама, ТЦСАН і Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, удзельнікі – пераважна жанчыны.
Прызнаюся: на турзлётах не была з часоў студэнцтва. Таму для мяне было цікавым усё, асабліва паласа перашкод. Калі ў тэхніцы веласіпеднага турызму яшчэ змагла неяк праехаць на самы мінімальны бал, то ў горна-пешаходным турызме было вельмі складана. Наогул праграма першага дня была вельмі насычанай, эмацыянальнай і яркай. Пасля данбайскага кертнболу (валейбол з закрытай сеткай) каманды адправіліся на горна-пешаходныя іспыты па лясным масіве. Да першага выпрабавання, дзе трэба было прайсці па ніжняй вяроўцы марудным крокам, трымаючыся за верхнюю, дабегла хутка. І выпрабаванне (калі не ўлічваць час) падалося няцяжкім. Вяроўка прагібаецца, але прайсці можна. Тое самае і на “маятніку” – схапіўся за канат і раскачаўся. Вядома, не як прафесіяналы, але ўсё ж. Ад гэтых выпрабаванняў трэба было хутчэй бегчы да наступных. Вось тут ужо і адстала… І калі падбегла да каната, трымаючыся за які трэба было падняцца на горку, каманда, за якой спяшалася, была ўжо на вяршыні. Падымацца па канаце здалося цяжка, тым больш баялася ўпусціць фотаапарат, таму ўгору лепш звычайным крокам. Тым часам каманда наперадзе прайшла выпрабаванні па бервяну і адправілася на далейшыя іспыты. Нялёгкая гэта паласа перашкод, тым больш у такую спякоту! Усё, з мяне хопіць! Усё-такі лепш фотарэпартажам займацца. Разам з тым каманды справіліся. Некаторыя нават на “выдатна”. Рэспект і павага іх вынослівасці, сіле духу і арганізаванасці!
Вечарам праходзіў конкурс рэкламных лістовак «Брэнд Шумілінскага раёна» і смачны конкурс «Бліны ў паходзе» (за апошні каманды атрымалі падарункі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў). Усе каманды пастараліся – было цікава, прыгожа і вельмі смачна. «Візітная картка» каманд увогуле здзівіла – настолькі ярка, эмацыянальна, што некаторыя нумары можна выстаўляць на абласны конкурс.
Тое самае можна сказаць і пра «Песні ваенных гадоў». Турзлёт атрымаўся яшчэ і патрыятычным. Арыгінальна быў аформлены быт каманд-удзельніц, за што яны атрымалі падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.
На другі дзень каманды чакала турысцка-прыкладное мнагабор’е ў тэхніцы воднага турызму. Тут, як на гульні “лазартаг” і стрэльбах, спатрэбіліся ўменні, сіла, дакладнасць, кемлівасць. Самым эмацыянальным і гучным конкурсам стала перацягванне каната. Вось тут адчуваўся сапраўдны камандны дух, пачуццё сяброўскага пляча!
Турзлёт паказаў згуртаванасць, арганізаванасць і ўзаемавыручку, творчасць, вынослівасць і імкненне да перамогі. Галоўнае, што свята ўдалося і згуртавала калектывы, адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, якая ўручыла кубак пераможцам – камандзе аддзела па адукацыі райвыканкама. За другое месца кубак атрымала каманда Шумілінскай ЦРБ, за трэцяе – ТЦСАН.
Алена Зуева, капітан каманды сектара культуры райвыканкама: Упершыню прымала ўдзел у турзлёце як капітан каманды, адчувала вялікую адказнасць. Мерапрыемства прайшло на вышыні. Дзе б я яшчэ ўзяла ў рукі вінтоўку, паскакала праз канат-скакалку і палятала на мятле ў жартоўнай эстафеце, як не на турзлёце? Станоўчых уражанняў шмат, а галоўнае – турзлёт зрабіў нас больш дружнымі.
Юлія Якуценка, удзельнік каманды Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый: Турзлёт прайшоў весела і цікава, было задорна і здорава. Упершыню паспрабавала пячы бліны на калодзе, перацягвала канат. Дзякуй арганізатарам мерапрыемства! Немалаважна і тое, што на турзлёце панавала атмасфера сяброўства і ўзаемавыручкі. Мы моцныя, калі разам!
Ларыса ЗАЙЦАВА.