Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
- За мінулы тыдзень у аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 93 заявы і паведамленні грамадзян. У выніку іх разгляду раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана адна крымінальная справа, якая была раскрыта па гарачых слядах.
- Выяўлена 46 адміністрацыйных права-парушэнняў, у тым ліку 15 з іх – за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, шэсць – за дамашняе насілле, па тры – за дробнае хуліганства і нявыхад абавязаных асоб на работу.
- Праведзена адпрацоўка 29 асоб, якія маюць судзімасць.
- За сістэматычнае ўжыванне спіртных напіткаў у лячэбна-працоўны прафілакторый накіраваны двое жыхароў раёна. Яшчэ ў адносінах аднаго выпівохі дакументы накіраваны ў суд.
- Супрацоўнікі ДАІ выявілі 43 парушэнні Правілаў дарожнага руху. Дзесяць вадзіцеляў перавысілі ўстаноўленую хуткасць, восем не прапусцілі пешаходаў на “зебры”, двое праехалі на забараняючае святло святлафора.
- Правілы дарожнага руху парушылі шэсць пешаходаў – ішлі па праезнай частцы дарогі ў цёмны час сутак без святловяртальных элементаў.
Кіберзлачынца
У ходзе сумесных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення супрацьдзеяння кіберзлачынствам МУС Рэспублікі Беларусь, УУС аблвыканкама, крымінальнага вышуку РАУС устаноўлена асоба кіберзлачынцы.
Так, жыхар Гродзенскай вобласці 31 жніўня 2020 года патэлефанаваў жыхарцы в. Лоўжа ад імя супрацоўніка «Беларусбанка» і пераканаў яе, што з мэтай папярэджання крадзяжу ёй трэба паведаміць рэквізіты банкаўскай карткі. У выніку з карткі зніклі 230 рублёў. Кіберзлачынца заключаны пад варту, максімальнае пакаранне, якое яму пагражае, – пазбаўленне волі да пяці гадоў.
Вандал
На вуліцы Юбілейнай у райцэнтры пашкоджана металічная агароджа. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС устанавілі, што ўдарамі сем лістоў металапрофілю пашкодзіў жыхар аг. Мікіціхі. Максімальнае пакаранне за хуліганства –пазбаўленне волі за трох гадоў.
Людміла ЗУЙКОВА.