
Заручоныя лёсам вясковым…
У вёсках Лялюгі і Непароты (Дабейскі сельсавет) у ліпені прайшлі святочныя, культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.
Пра свята гэтых вёсак расказалі рэдакцыі старшыня раённага савета ветэранаў Кацярына Палоўнікава і мастацкі кіраўнік Амбросавіцкага СДК Мікалай Ліскоў. На здымках бачны ўзнёслы настрой людзей, сама атмасфера – нязмушаная, раскаваная.
Свята вёскі Лялюгі атрымалася на славу. Рыхтаваліся ўсе: і малыя, і дарослыя. Шанавалі паважаных людзей (прыехала намеснік дырэктара ААТ “Прыазёрны мір” Ніна Юхнавец), слухалі песні ў выкананні Кацярыны Палоўнікавай, Алены Пясецкай, Мікалая Ліскова. Гуртуе людзей вёскі старэйшына Марыя Лялюга, паважаюць Уладзі-міра Скірмана, які па-заліхвацку расцягваў мяхі гармоніка (на здымку ўнізе). Дарэчы, не адзін ён – у вёсцы ёсць яшчэ музыкі, і хадзіў гармонік з рук у рукі. А жанчыны спявалі, задушэўна, галасіста.
***

У дзень святкавання вёскі Непароты сюды якраз прыехала аўтакрама. Вельмі дарэчы: можна было прыдбаць нешта і з ласункаў, і з мяснога. Аднак фургон – на час пакупак, а вось ля стэнда са здымкамі, на якіх знаёмыя твары, народ стаіць доўга і ахвотна. Смяюцца, радуюцца, згадваюць нешта вясёлае, пацешнае, кур’ёзнае.
А тым часам свята набірае абароты. Забаўляе той жа калектыў Амбросавіцкага СДК, і мікрафон у рукі бярэ Мікалай Ліскоў. Шануюцца сямейныя пары (асабліва сям’я Старавойтавых, якая справіла залатое вяселле), гаворыцца шмат цёплых слоў самым старэйшым жыхарам Непарот – М. Ф. Белюсевай і М. А. Кошалевай, а таксама Л. К. Новікавай – маці-гераіне, у якой дзесяцера ўнукаў. Ім граматы, ім падарункі ўручаюць старшыня Дабейскага сельвыканкама Ірына Шалахава і ідэолаг Ніна Юхнавец (на здымку). І не толькі ім – усім, хто беражэ традыцыі вёскі, аберагае яе рэпутацыю і прэстыж. Усюды шчаслівыя, узрушаныя твары, цёплыя ўсмешкі, падзякі…
За святочным сталом cпяваюць пад акампанемент Сяргея Кузьмініча, прыгадваюць, цешацца летнім цяплом і сардэчнай гаворкай.
Успаміны запісаў Мікалай БАРЫСАЎ.