День работы с населением в Ловжанском сельсовете. Что волнует сельчан?

Новости Общество

На встрече в д. Добрино.

На гэтым тыдні Дзень работы з насельніцтвам прайшоў на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета. Рабочая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам, у склад якой уваходзілі спецыялісты ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, ТЦСАН, іншых структур, правяла сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў сельсавета.

Нягледзячы на спякотнае надвор’е, актыўнасць насельніцтва была высокая – практычна ў кожнай вёсцы на сходах было мнагалюдна.

Залужжа – невялікая вёсачка. У адрас раённай улады выказалі тут удзячнасць за рамонт асфальтавага пакрыцця на дарозе да вёскі. Аўталаўка прыязджае рэгулярна, выбар тавараў ёсць, прывозяць усё, што замовіш, канстатавалі залужцы.

У Добрыне вяскоўцы ўзнялі шэраг пытанняў, у прыватнасці, наконт грэйдзіравання і абкошвання дарог. Прадстаўнікі УП ЖКГ і ДРБУ‑204, якія прысутнічалі на сустрэчы, запэўнілі вяскоўцаў, што ў бліжэйшы час усё будзе зроблена. Была закранута і тэма гандлёвага абслугоўвання. У вёсцы ёсць магазін Бешанковіцкага райспажыўтаварыства, толькі вось асартымент бедны. Не задавальняе і работа бібліёбуса. Хочацца, каб ён прыязджаў рэгулярна і ў дакладна вызначаныя часы, даводзілі добрынцы. Спыталі вяскоўцы і пра лёс мясцовага ФАПа. «Са жніўня ён будзе працаваць, – адказаў Мікалаў Будневіч. – Двойчы на тыдзень да вас будуць прыязджаць спецыялісты з Мікіціхінскай амбулаторыі».

У вёсцы Пабеда толькі ў панядзелак з’явілася вада, дагэтуль пяць дзён работнікі водаканала шукалі парыў. Таму зразумела, што асноўнай тэмай сустрэчы стала водазабеспячэнне, прычым не толькі цэнтралізаванае, а і калодзежнае. Справа ў тым, што ў аднаго з дамоў, дзе знаходзіцца калодзеж, які раней лічылі агульным, з’явіўся новы гаспадар і ўзніклі пытанні па карыстанні калодзежам. Гэтая праблема будзе вырашана.

У аграгарадку Мікіціха сустрэча прайшла ў мясцовай бібліятэцы. Жыхары аграгарадка расказалі пра сваё жыццё, закранулі пытанне стану дарог, папрасілі пасадзейнічаць, каб на пешаходным пераходзе праз дарогу Р‑20 устанавілі «спячага паліцэйскага». Наогул гаворка атрымалася грунтоўнай, падчас якой гаварылі і пра раздзельны збор смецця, і новаўвядзенні ў зямельным заканадаўстве.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *