«У нашай справе важная калектыўная работа»
На палетках раёна працуе адзіны кормаўборачны камбайн «Ягуар». Шчыруе на ім механізатар СУП «Лаўжанскае» Уладзімір Мазанкоў, за плячыма якога 42 гады стажу. На ўчарашні дзень на рахунку Уладзіміра Аляксандравіча было 5439 тон падабранай і здробненай зялёнай масы.
Пакуль чакалі Уладзіміра Мазанкова на краі поля, пагутарылі з механізатарамі, якія працавалі тут. Дзмітрый Касьянаў і Алег Барысевіч адвозілі да сянажнай траншэі, што знаходзіцца ля жывёлагадоўчага комплексу, здробненую зялёную масу – за дзень паспяваюць перавезці да 90 тон кожны. «А я працую з граблямі. Бачыце на палетках валкі – гэта маіх рук справа, – дадае Яўген Бяляцкі. – Зграбаю за дзень да 35 гектараў, падбірае і здрабняе Уладзімір Мазанкоў. У яго вялікі вопыт у механізатарскай справе, і нам, маладым, ёсць чаму ў яго вучыцца».
Тым часам пад’ехаў Уладзімір Аляксандравіч: «Нарыхтоўка кармоў – гэта калектыўная работа. Тут, як кажуць, адзін у полі не воін. Таму ў маіх здробненых то-ах – заслуга і ўклад кожнага. Таму і фатаграфавацца калі і буду, то толькі разам. Мы адна каманда, і робім адну важную справу».
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Какушкін пахваліў сваіх механізатараў за працавітасць, упэўнена адзначыўшы, што «Лаўжанскае» сёлета кармоў нарыхтуе ўдосталь.
Ларыса ЗАЙЦАВА.