Ваша ўсмешка – у яе руках
Сёлета ва ўрача-стаматолага-артапеда кабінета артапедычнай стаматалогіі цэнтральнай раённай бальніцы Святланы Прыгун маленькі прафесійны юбілей – пяць гадоў работы ў ЦРБ. За гэты час малады доктар сваім прафесіяналізмам, шчырасцю і ўважлівасцю заслужыла прызнанне калег, павагу пацыентаў – не выпадкова яе прозвішча занесена на раённую Дошку гонару. Да таго, Святлана Прыгун займаецца і грамадскай дзейнасцю: яна намеснік старшыні прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы.
Напярэдадні Дня медыцынскага работніка мы сустрэліся са Святланай Прыгун, каб пагаварыць аб прафесіі, яе асаблівасцях, новых тэхналогіях артапедыі і мары маладога ўрача.
– Святлана Аляксандраўна, чаму вы сталі стаматолагам?
– Марыла стаць урачом, а на які пайсці факультэт, вырашыла тэсціраванне, якое здала вельмі добра. На стаматалагічным факультэце было цікава вучыцца. У 2019 годзе пасля заканчэння вучобы вярнулася на малую радзіму (сама я родам з аг. Кардон). Лічу, что стаматалогія цікавая, перспектыўная, яна пастаянна ўдасканальваецца.
– Напэўна, удасканалілася яна і ў нашым райцэнтры?
– Зразумела. Два гады таму ў кабінеце быў зроблены капітальны рамонт, закуплены сучасны стаматалагічны комплекс. Калі раней у райцэнтры пацыенты маглі разлічваць толькі на металічную канструкцыю зубоў, то зараз і на сучасную, эстэтычную і прыгожую металакераміку. Прычым, аздзначу, за кошт таго, што ў нас раённая паліклініка, паставіць адзінкавыя штучныя зубы або здымныя пратэзы ў Шуміліне дзешавей, чым у горадзе.
– А як доўга часу займае працэс пратэзавання?
– Робіцца злепак, тэхнік мадэліруе, а металакераміка вырабляецца ў Віцебскім абласным стаматалагічным цэнтры. Тыдні праз тры яна гатова. Чалавеку трэба будзе прыходзіць на прымерку мінімум разы тры. Праз месяц-паўтара праводзіцца само пратэзаванне.
– Ці ёсць узроставыя абмежаванні для вашых пацыентаў?
– Рэкамендуецца працаваць з паўналетнімі. Але бываюць і выключэнні. Напрыклад, пасля траўмаў. Так, майму самаму юнаму пацыенту было 16 гадоў, а самаму сталаму – 92.
– Як знаходзіце падыход да пацыентаў, якія не могуць перасіліць свой
страх, калі бачаць стаматалагічнае крэсла?
– Каб пераадолець псіхалагічныя комплексы, размаўляю з пацыентам, знаходжу, як кажуць, індывідуальны падыход. Тлумачу, што сёння камфорны працэс абязбольвання. За год у нас пратэзаванне атрымліваюць па 300-320 чалавек.
– Пра якія новыя тэхналогіі ў райбальніцы вы марыце?
– Па-першае, хацелася б мець уласнае стаматалагічнае ліцейнае абсталяванне, каб не карыстацца паслугамі віцебскіх спецыялістаў пры вырабе металакерамікі. Па-другое, хацелася б асвоіць пратэзаванне на імплантах, каб землякі атрымлівалі ў райцэнтры поўны комплекс стаматалагічных паслуг.
– Якія вашы рэкамендацыі пацы-нтам?
– Не адкладвайце візіт да стаматолага. Любіце сябе і цаніце здароўе.
Усміхайцеся часцей, бо ўсмешка дапамагае заваяваць сэрца каханага чалавека, дасягнуць пастаўленай мэты. А ўпэўненасці вашай усмешцы нададзім мы – стаматолагі-артапеды.
– Што параіце будучым выпускнікам школ, якія збіраюцца пайсці
вучыцца на стаматолага?
– Настройвацца на складаную вучобу, рыхтавацца вучыцца ўсё жыццё, павышаць сваю кваліфікацыю.
Урач-стаматолаг павінен асвойваць сучасныя тэхналогіі, інструменты
і матэрыялы. А ўвогуле прафесія цікавая – паступайце і вучыцеся!
Ларыса ЗАЙЦАВА.