А булачкі сёння выпякалі?
Арганізацыя харчавання механізатараў падчас пасяўной, нарыхтоўкі кармоў ці жніва – справа важная і адказная, бо толькі сыты чалавек будзе з настроем і поўнай аддачай працаваць, кажа старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова, разам з якой накіроўваемся ў сталовую СУП «Лаўжанскае», повары якой гатуюць абеды для большасці сельгаспрадпрыемстваў.
«Сёння на абед – боршч, грэцкая каша з катлетамі і чай, – кажуць повары Алена Грыдзюшка і Святлана Казлоўская (на фота). – Ну, а да чаю булачкі, а то ў мінулы раз мясцовыя механізатары пыталіся ў нас: “А булачкі сёння выпякалі?». Усімі неабходнымі прадуктамі нас забяспечваюць своечасова. Механізатары любяць на абед пюрэ з гуляшом ці каўбаскамі, часта заказваюць салату “аліўе”. Падчас пасяўной кожны дзень гатавалі па 80-90 абедаў. Столькі іх і за-раз, калі ў разгары корманарыхтоўка».
Лаўжанскія повары кормяць не толькі сваіх механізатараў. За абедамі ў аг. Мікіціха прыязджаюць з КУСГП «Ульскі» і «Сіроцінскі», з СФГ «Раднік», ААТ «Прыазёрны мір» і «Агра-Баравінка», УП «Шумілінскі райаграсэрвіс».
«Смачна кормяць, порцыі дастойныя, – пахвалілі лаўжанскіх повараў механізатары з аг. Слабада. – Меню разнастастайнае кожны дзень».
Падчас прафсаюзнага маніторынгу па аплаце за харчаванне спецыялісты райкама прафсаюза работнікаў АПК высветлілі: самыя танныя абеды ў “Сіроцінскім”, бо кіраўніцтва гаспадаркі разам з прафсаюзнай арганізацыяй прынялі рашэнне: механізатары будуць плаціць 1% ад кошту абеду. Калі цана поўнага абеду каштавала 12 рублёў, то з ме-ханізатарскага заробку вылічаць толькі 12 капеек. Механізатары КУСГП «Ульскі» і ААТ «Ляжні» аплочваюць за абеды 10% ад яго кошту, а ў астатніх гаспадарках – 20%. Але ўсё роўна атрымліваецца танна – 2-2.20 руб. за комплексны абед.
Ларыса ЗАЙЦАВА.