5 июня – Всемирный день охраны окружающей среды

Новости Экология

Озёра Городно, Сосно, Будавесть.

Чатыры пытанні раённаму эколагу

5 чэрвеня, у больш чым 100 краінах свету адзначаецца Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Свята дапамагае прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем навакольнага асяроддзя і падкрэслівае вострую неабходнасць у змене стаўлення чалавека да прыродных рэсурсаў.

Па сутнасці, гэта і прафесійнае свята эколагаў. Мы падрыхтавалі для раённага эколага начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзя КІСЯЛЕВІЧА чатыры пытанні, каб пачуць з першых вуснаў, што хвалюе раённых эколагаў і наогул якая экалагічная сітуацыя ў нашым раёне.

– Генадзь Мікалаевіч, як вы ацэньваеце ў цэлым экалагічную сітуацыю ў нашым раёне?

– Як раённы эколаг магу адзначыць, што экалагічная абстаноўка ў нашым раёне стабільная і станоўчая. У нас, на наша шчасце, няма вялікіх прадпрыем-стваў, якія б маглі забруджваць паветра, ваду і зямлю. Наладжана сістэма кантролю за станам вады. Дзейні чаюць на тэрыторыі раёна шэсць аб’ектаў біялагічнага ачышчэння сцёкавых вод.

У апошні час здараюцца збоі на ачыш-чальных збудаваннях сырзавода, але на гэты год на прадпрыемстве запланаваны значныя рамонтныя работы для таго, каб аб’ект адпавядаў усім патрабаванням. Па астатніх збудаваннях вялікіх пытанняў няма.

– Якія экалагічныя праблемы вы лічыце найбольш характэрнымі і актуальнымі?

– Самае актуальнае для нас – абыходжанне з адходамі. Пры ўсім тым, што ў раёне праведзена значная работа па набыцці і ўстаноўцы кантэйнераў,работу нельга лічыць дастатковай. На вялікі жаль, у нас адзін з самых нізкіх паказчыкаў у вобласці па ўзроўні атрымання другасных матэрыяльных рэсурсаў з саставу камунальных адходаў. На маю думку, недастаткова наладжана работа па раздзельным зборы смецця, практычна няма кантэйнераў для збору паперы. Ёсць над чым працаваць.

Некаторыя грамадзяне па-ранейшаму выкідваюць смецце ў бліжэйшыя кусты. Як пазбавіцца ад несанкцыянаваных звалак?

– У першую чаргу УП ЖКГ неабходна весці больш планамерную і мэтанакіраваную работу па поўным ахопе насельніцтва зборам смецця, павялічыць перыядычнасць яго збору. Да сённяшняга часу ў раёне не арганізаваны збор адходаў мэблі, будаўнічых адходаў.

Па-другое, трэба павышаць культуру і адказнасць грамадзян. Штрафы дысцыплінуюць, праўда, вельмі цяжка бывае вызначыць парушальніка. Тым не менш, калі выяўляецца аматар выкінуць смецце ў бліжэйшы лясок, яго чакае штраф да 30 БВ і кампенсацыя ўрону, прычыненага навакольнаму асяроддзю засмечваннем адходамі. Гэта ж тычыцца і пакідання адходаў у месцах масавага адпачынку, у прыватнасці, на водных аб’ектах. Па-ранейшаму знаходзяцца тыя, каму цяжка пакласці адходы ў мяшэчак і выкінуць у сметнік.

– Як вы ацэньваеце азеляненне нашага горада?

– Цяжка даць ацэнку. Сапраўды, праводзіцца вялікая работа. Напрыклад, гэтай вясной у раёне было высаджана больш за 500 саджанцаў дрэў і больш за сотню кустоў. Але паўстае пытанне з іх далейшым утрыманнем. Пакуль што яно арганізавана не на належным узроўні.

А, між іншым, у 2023 годзе на аднаўленне, утрыманне і догляд раслін УП ЖКГ з раённага бюджэту было выдзелена больш за 73 тысячы рублёў, атрыманых ад кампенсацыйных выплат за выдаленне дрэў і кустарнікаў. Калі з палівам кветак пытанняў няма, то з доглядам саджанцаў дрэў і кустоў сітуацыя іншая. Узяць, напрыклад, вуліцу С. Т. Пальвінскай у райцэнтры, уздоўж якой за апошнія два гады было высаджана нямала саджанцаў. Сёння і следу ад іх не засталося. А ўсё з-за таго, што камунальнай службай не быў арганізаваны рэгулярны паліў. Хацелася б звярнуцца і да грамадзян: калі б кожны з нас узяў вядро з вадой і паліў дрэўца ў бліжэйшым двары, сітуацыя была б зусім іншай. Варта разумець, што мы ўсе ў адказе за нашу малую радзіму, і толькі ад нас залежыць, наколькі зялёнай і квітнеючай яна будзе.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з прафесійным святам ветэранаў галіны, усіх неабыякавых да прыроды людзей, актывістаў-эколагаў і пажадаць міру, дабра і працвітання.

Алена КАРПУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *