Небяспечна і дорага
Раённая газета пісала, што супрацоўнікі РАУС знайшлі ў жыхара райцэнтра 1,17 грама асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-смс, а таксама больш за тры кілаграмы насваю. Нядаўна ў аўтамабілі і кватэры гэтага ж грамадзяніна былі канфіскаваны два пакецікі марыхуаны агульнай вагой каля аднаго грама.
Жыхар райцэнтра, які быў затрыманы на трое сутак, прызнаўся, што наркатычныя сродкі прывозіў з Расійскай Федэрацыі. «Да суда мужчына павінен знаходзіцца дома і з’яўляцца ў міліцыю па першым патрабаванні, – расказаў першы намеснік начальніка РАУС Вячаслаў Воранаў. – У адваротным выпадку будзем хадайнічаць перад пракуратурай раёна аб арышце. Вінаватаму забаронены выезд за межы Шуміліншчыны. У іншыя краіны яму таксама няма дарогі – на ўсе мытні перададзены звесткі пра людзей, якія ў вышуку ці выезд якім забаронены.
За захоўванне марыхуаны супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”. За незаконныя без мэты збыту набыццё і захоўванне наркатычных сродкаў пагражае абмежаванне волі да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад 2 да 5 гадоў».
Усяго супраць жыхара Шуміліна ўзбуджаны дзве крымінальныя справы (за захоўванне 4-смс і марыхуаны), якія будуць разглядацца ў судзе. Складзены таксама адміністрацыйны пратакол па ч. 2 арт. 17.6 КаАП Рэспублікі Беларусь «Незаконныя дзеянні з некурыцельнымі тытунёвымі вырабамі» (пагражае штраф ад 10 да 20 БВ). Так што “асалода” была надта дарагая і небяспечная.
Людміла ЗУЙКОВА.