Падарунак калекцыянера
16 мая шумілінскі музей наведалі старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Барыс Васільеў і калекцыянер Андрэй Філатаў. Мэта для візіту была высакародная – падарыць музею экспанат, які звязаны з гісторыяй нашага раёна.
Андрэй Філатаў расказаў, што выпадкова яму трапіў цікавы экзэмпляр сцяга адной з былых вайсковых частак, якая месцілася ў Полацку. Але сцяг незвычайны – гэта Памятны сцяг імя обальскіх падпольшчыкаў “Юныя мсціўцы”. Надпіс на сцягу сведчыць, што ён быў перададзены ў гонар 60-годдзя Узброеных Сіл СССР (заўвага рэдакцыі – 1978 год) ад працоўных Шумілінскага раёна вайсковай часці 49510.
“Я разумеў, што калісьці гэты сцяг будзе запатрабаваны. Сёлета, у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вырашыў, што будзе дарэчы вярнуць яго на радзіму, на гераічную зямлю обальскіх камсамольцаў, падпольшчыкаў, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе з ворагам”, – сказаў Андрэй Філатаў. Гэты падарунак было вырашана прымеркаваць да Сусветнага Дня музеяў.
У сваім выступленні Барыс Васільеў адзначыў, што члены грамадскага аб’яднання калекцыянераў часта робяць такія падарункі музеям Беларусі. Ён адзначыў дамоўленасці з шумілінскім музеем на далейшае супрацоўніцтва.
Дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова падзякавала за каштоўны падарунак, адзначыўшы, што музейшчыкаў і калекцыянераў аб’ядноўваюць агульная дзейнасць па збіранні і захаванні розных рэчаў, артэфактаў, якія дапамагаюць захаваць памяць і старонкі гісторыі.