
У адных ружы цвітуць, а той-сёй быльніком зарос
Кожны кавалачак зямлі ў нашым раёне мае гаспадара. Гаспадар –прадпрыемства, арганізацыя ці прыватнік. Якія мы гаспадары, ці ўмеем берагчы і любіць сваю зямлю, як даглядаем яе? – гэтыя і іншыя пытанні мелі на мэце паглядзець падчас чарговага рэйду па вуліцах Шуміліна разам з галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А. В. Пруднікавым.
Папрыгажэла апошнім часам вуліца Ленінская. Тут нядаўна зрабілі новыя агароджы і тратуары, паклалі асфальт ад будынка райспажыўтаварыства да СШ №1. Упрыгожваюць вуліцу і кветнікі, пасаджаныя жыхарамі шматпавярховак. У прыватнасці, вельмі прыгожа ля дома №16 па Ленінскай. Пад вокнамі шматпавярхоўкі многа кветак, прычым усе яны дагледжаныя. Адразу відаць клапатлівая рука гаспадара. А, дакладней кажучы, гаспадыні – Лідзіі Уладзіміраўны Журавай. Вельмі клапатлівая гаспадыня прыватнага дома № 14 Ірына Васільеўна Цітова. Ідзеш па вуліцы і любуешся прыгажосцю газона з кветкамі. А вось па другі бок вуліцы быльнёг запаланіў усю тэрыторыю. Месцамі вышэй за рост чалавека, адчувае дурнап’ян тут сябе паўнапраўным гаспадаром і смела выглядае за агароджу, нібы насміхаецца гора-чалавекам. І такіх адрасоў непрыгажосці з быльнікам па Шуміліне нямала: і па Юбілейнай, і па вуліцах Кароткіна, Луначарскага, Шумілінскай…
Па вуліцы Кароткіна гожы выгляд мае тэрыторыя ля дома правасуддзя, узорам прыгажосці з’яўляецца наваколле СШ №1. Сёлета з’явіліся на гэтай вуліцы каляровыя лавачкі – ёсць дзе адпачыць знямогламу чалавеку, проста паразмаўляць. Гэта пастараліся работнікі камунгасу. А насупраць дома № 26 па вуліцы Кароткіна зрабілі нядаўна стаянку для аўтамабіляў. Заасфальтаванае месца для паркоўкі вельмі зручнае для мясцовых аўтааматараў.
Праязджаем па вуліцах Талмачова, Валадарскага, Посахава. У асноўным тут парадак, большасці гаспадарам не трэба нагадваць, абкасіць тэрыторыю ці падправіць агаро-джу. А. В. Пруднікаў робіць заўвагу некаторым гаспадарам, што складзіруюць дровы за агароджай. Дровы трэба прыбраць, не варта захламляць тэрыторыю, псаваць знешні выгляд усёй вуліцы. І людзі згаджаюцца, абяцаюць зрабіць так, як просяць.
Затое здзівіла абыякавасць гаспадароў па вуліцы Маякоўскага. Агарод тут зарос дзядоўнікам, каля хаты ніхто ні разу не скасіў. Збоку ля дарогі – бітая цэгла. Ці ёй яміны якія засыпалі, ці так проста высыпалі непатрэбшчыну – пра гэта ў гаспадароў не запыталіся, бо не засталі дома.
Непрыемнае ўражанне склалася ад выгляду дома № 37 па Першамайскай. Дом пасля пажару зарос, побач валяецца непрыбранае абгарэлае бярвенне… Пасля гэтага непарадку дамы побач выглядаюць узорнымі. А

ідэалам прыгажосці можна назваць дом №3 па вуліцы Першамайскай. Тут табе і кветкі розныя, і свежаскошаны поплаў, і арыгінальны вадаём, і элементы сялянскага падворку. На падворак да гаспадароў – Аляксандра Аляксеевіча і Тамары Савельеўны Хашкоўскіх – можна хадзіць на экскурсію.
Па вуліцы Суворава ля новых кааператыўных дамоў не ўсюды абкошана, відаць, не паспявае камунгасаўская служба. Ля магазіна “Вясковы” навялі парадак, падстрыглі “жывую” агароджу. А вось з боку паштовага аддзялення гэтага не зрабілі, так што кантраст вельмі кідаецца ў вочы.
Прыязджаем на ферму Светласельская. Тут абкошана, але не больш, тут няма такой гожасці, як, напрыклад, на ферме Непароты, дзе і клумбы разбілі, і дрэўцы пасадзілі. Тэрыторыю ўпрыгожвае хіба альтанка, ды і тая зарастае.

Па вуліцы Светласельскай дагледжана тэрыторыя дзіцячага сада і касцёла. На супрацьлеглым баку, дзе двухпавярхоўкі, таксама ёсць сапраўдныя гаспадары. Напрыклад, Надзея Аляксееўна Брыт. “Жыцця свайго не ўяўляю без кветак”, – гаворыць жанчына. Кветкі і на клумбах, і ў скрынях на ганку. А яшчэ ў Надзеі Аляксееўны “зацвіў” балкон – квітнеючая петунія ажыўляе ўвесь дом. Крыху далей, ля трохпавярховых дамоў па вуліцы Юбілейнай, у вочы адразу кінулася дзіцячая пляцоўка. Такой тут раней не было. Бачна, што арэлі, гарадкі новыя. Гэта паклапаціліся работнікі Светласельскага сельвыканкама, а зроблена дзіцячая пляцоўка за кошт абласнога бюджэту.

Да прыватных гаспадароў вуліцы Луначарскага не было прэтэнзій. Вельмі гожа выглядае будынак райгазу. Тут зацвілі прыгожыя кветкі не толькі на клумбах, але і ў падвясных вазонах на сцяне.
А вось паварот з Луначарскага на вуліцу Ударную – праблемная зона. Нядаўна жыхары звярнуліся ў райвыканкам са скаргай, што тут ніхто не скасіў быльнік. І гэта праўда.
Вуліцу Будаўнікоў з яе элітнымі дамамі можна назваць сапраўдным еўрапейскім кутком. Дамы тут адзін прыгажэй за другі і, трэба адзначыць, гаспадары трымаюць імідж: дагледжана, ля дамоў, ля цэнтральнага ўваходу не градкі, а акуратны поплаў, ружы і экзатычныя дрэвы. З упэўненасцю можна сказаць, што такая вуліца ў райцэнтры адзіная.
Ёсць праблемы па завулку Тарфяным і вуліцы Тарфяной, і праблемы перш за ўсё тычацца дарог. Яны тут з ямінамі. Праўда, нядаўна камунгас зрабіў падсыпку, але ж гэта не выратоўвае сітуацыю, тлумачаць нам жыхары, бо пойдзе дождж – і па вуліцы зноў ні прайсці ні праехаць. Што датычыцца навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях, то тут, зноў жа, убачылі кантраст. У адных ружы цвітуць, а той-сёй быльнікам зарос. Як, напрыклад, гаспадар па вуліцы Тарфяной. А. В. Пруднікаў папярэджвае, што ўлады не пацерпяць такой безгаспадарчасці, што напамінаць нікому не будуць – адразу пратакол. А іх па раёне, па падліках спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы райвыканкама, складзена ажно 43. Значыць, далёка не ўсе мы яшчэ сапраўдныя гаспадары на сваёй зямлі.
Тэкст і фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.
Надрукавана ў №54 ад 10.07.2012 г.