Безопасное поведение в лесу: клещи, комары, змеи

Здоровье Экология

У лес – у шчыльным адзенні
Насталі спякотныя дні, людзі часцей адпачываюць у лесе, ля рэчак і азёр. І пры гэтым часта і не падазраюць, што там іх можа падсцерагаць небяспека – кляшчы.
Адпраўляючыся ў лес, не забывайце захоўваць правілы бяспекі. А менавіта: надзеньце панаму ці шапку, а лепш адзенне з капюшонам, які будзе прыкрываць шыю. Выберыце шчыльнае адзенне, каб закрыць доступ кляшча да цела. Пасля вяртання з лесу абавязкова агледзьце сябе, асабліва тыя ўчасткі цела, дзе скура тонкая – на згібах локцяў, каленяў і г.д.
Кляшчы ўпіваюцца ў цела вельмі моцна. Каб іх выцягнуць, неабходна выкарыстоўваць пінцэт з тонкімі канцамі. Трэба пінцэтам узяцца за галоўку кляшча ля самай скуры пацярпелага і, расхістваючы, выцягнуць яго. У выпадку адрыву тулава ад галоўкі частку, што засталася, трэба выдаліць з дапамогай іголкі ці шпількі. Пасля выцягвання кляшча месца ўкусу трэба апрацаваць ёдам, зялёнкай, спіртам. У месцы ўкусу ўтвараецца прыпухласць, адзначаецца пачырваненне скуры, якія знікаюць праз некалькі гадзін.
А калі ўкусіла змяя?
Калі ўкусіла змяя, трэба абавязкова і як мага хутчэй даставіць пацярпелага ў лячэбную ўстанову. Толькі ўрач, прымяніўшы спецыяльныя сродкі, нейтралізуе дзейнасць яда. Але каб дабрацца да бальніцы, неабходны час. А што рабіць, калі дапамога патрэбна неадкладна?
Перш-наперш, варта пасадзіць або пакласці пацярпелага. Паражоная канечнасць павінна знаходзіцца ў стане поўнага спакою, бо кожны рух толькі паскорыць уздзеянне яду і пагоршыць стан хворага. Таму трэба накласці шыну на канечнасць, а калі пацярпела рука – падвесіць на касынцы.  Варта накрыць месца ўкусу чыстай марлевай сурвэткай і напаіць хворага салодкім чаем, каб зменшыць таксічнае ўздзеянне змяінага яду. Ні ў якім разе не трэба дадаваць у чай алкаголь, бо гэта толькі пагоршыць стан хворага.
Гэтыя небяспечныя насякомыя
У лесе і ля вадаёмаў падсцерагае яшчэ адна небяспека – пчолы, восы, чмялі. Звычайна пасля ўкусаў развіваюцца алергічныя рэакцыі, з якімі звязана нямала непрыемнасцяў. Што рабіць у такім разе?
Спачатку трэба выдаліць насякомае са скуры і паражонае месца змазаць спіртам або адэкалонам. Боль і ацёкі тканак зменшыць халодны кампрэс. Кавалачкі лёду трэба змясціць у по-ліэтыленавы пакет, завярнуць яго у ручнік і прыкласці да паражонага месца.
Рэкамендуецца частае піццё, бо яд выводзіцца з арганізму чалавека праз ныркі, з потам. Пры развіцці далейшых алергічных рэакцый рэкамендуецца прыняць антыгістамінныя прэпараты – супрасцін, дымедрол.
А. САСНОВІЧ, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Надрукавана ў №54 ад 10.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *