Вырошчваў каноплі на падаконніках
Максім пражываў у адной з вёсак нашага раёна, апошнім часам працаваў у Расіі. Марыў, што з часам перабярэцца ў горад. Але планы раптоўна змяніліся…
Неяк па зіме знаёмыя далі паспрабаваць наркотыкі, каноплі. І Максіму адразу прыйшоўся даспадобы наркатычны дурман. Але траціць грошы на такое задавальненне ён не збіраўся. Ды не збіраўся ўжо і на заработкі ездзіць. Жыццё рэзка памяняла сваю плынь.
Прыехаўшы дадому, Максім з галавой акунуўся ў раслінаводства. Зразумела, вырошчваць буракі ды моркву не збіраўся. Праз знаёмых дзесьці змог знайсці насенне канапель. У сябе дома і пачаў іх прарошчваць. Дбайна даглядаў юнак расліны, захоўваючы ўсю тэхналогію вырошчвання – прага наркатычнага дурману так і маніла яго.
І вось летам на вокнах у хаце Максіма ва ўсю буялі каноплі. На тыя 15 кустоў у хлопца былі вялікія планы.
Але гэтым планам перашкодзілі аператыўныя работнікі і супрацоўнікі Следчага камітэта, якія затрымалі няўдалага “раслінавода”, а каноплі – знішчылі. Крымінальная справа ў адносінах да Максіма перададзена ў суд.
Р. КУРКЛІНСКІ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2012 г.