Какими цветами украсят клумбы организации Шумилинского района

Новости Общество

Астры, ружы, лабеліі, сальвіі…

Каб наш гарадскі пасёлак быў прыгожым летам, работнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый пра гэта клапоцяцца ўжо сёння: высаджваюць і даглядаюць расаду кветак.

Кветкі для горада.Як расказала кветкавод УП ЖКГ Таццяна Маслюкова, у першай палове лютага ў 45 скрынях пасеялі 2400 штук сальвій і 1500 штук цінерарыяў срэбных. Другую партыю кветак мяркуюць засяваць у канцы сакавіка. Гэта будуць летнія вяргіні “Вясёлыя рабяты”, цыніі карлікавыя і высокія, астры ружовыя, сінія і чырвоныя, аксаміткі. Упершыню пасеяць кітайскія махровыя гваздзікі. Трэцюю партыю – львіны зеў, агератум і аксаміткі – засеяць у грунт у сярэдзіне красавіка. Усяго будзе расці больш за 30 тысяч штук расады. Акрамя гэтага, УП ЖКГ плануе закупіць у “Зелянбудзе” расаду лабеліі, герані, бальзамінаў, цэлозіі грабенчатай.

Так што наш горад абяцае быць прыгожым. «Па просьбе шумілінцаў на вуліцы Сіпко зноў будуць расці цыніі – усе ацанілі іх летась, – удакладняе Таццяна Уладзіміраўна. – На вуліцы Ленінскай пасадзім летнія вяргіні.

Вясной на вуліцы Кароткіна будуць радаваць вока тры тысячы цюльпанаў, якія высадзілі восенню, на вуліцах Сіпко, Кароткіна і ў гарадскім парку – 900 гіяцынтаў.

Упрыгожыць Алею герояў-лётчыкаў бярэцца Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Як расказала агент па забеспячэнні цэнтра Іна Якаўлева, высадзілі на расаду лабелію, петунію, агератум, бальзаміны, фуксію, львіны зеў, астры, аксаміткі.

На продаж. Большасць школ раёна вырошчваюць расаду кветак не толькі для сябе, але і на продаж. Так, загадчыца бібліятэкі СШ № 1 Вольга Сарокіна, якая сёлета адказвае за вырошчванне расады, расказала, што купілі па дзесяць пачак петуній, вяргіняў, цыній, лабулярый, колеусаў. Калі ўсходжасць будзе добрай, хопіць і на свае клумбы, і на продаж.

Каля  тысячы  петуній, сальвій, астраў, цыній, агератумаў, аксамітак высаджваюць у Мішневіцкай школе. Рэшту, якая застанецца пасля высадкі на ўласныя клумбы, рэалізоўваюць насельніцтву. Вырошчваюць кветкі ў Кардонскай, Амбросавіцкай, Башнёўскай, Обальскай школах. Настаўнікі адзначаюць, што ад продажу расады можна нядрэнна папоўніць свае пазабюджэтныя рахункі.

Каб упрыгожыць участак ля школы, вырошчваюць кветкі ў Слабадской і Мікіціхінскай школах. «Расаду гародніны – на продаж, а кветкі – для ўласных патрэб», – удакладнілі дырэктары навучальных устаноў Вера Якубёнак і Таццяна Волкава.

Для сябе. Як і летась, падаконнікі ў кабінетах ДРБУ-204 застаўлены скрынямі з расадай кветак, якія дарожнікі вырошчваюць для ўласных патрэб. На клумбы ля адміністрацыйнага будынку будуць высаджаны цінерарыі, петуніі, лабеліі. І такая карціна на вокнах зараз у многіх іншых арганізацыях.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *