Криминал. Происшествия

Происшествия

Мільён
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася пенсіянерка з Обалі – у яе укралі грошы.  Як высветлілася,  у кватэры пацярпелай знаходзіўся яе знаёмы,  раней судзімы мясцовы жыхар. Ён і прысвоіў чужыя 992 тысячы рублёў. Мужчына затрыманы. Частку грошай ён паспеў патраціць, а 530 тысяч рублёў былі знойдзены пад сцілкай ягоных чаравікаў. Супраць абальчаніна ўзбуджана крымінальная справа.
Падлеткі
Яшчэ вясною была ўзбуджана крымінальная справа па крадзяжу з дачнага дома ў Башнях ,  дзе былі ўкрадзены пыласос, электрабрытва, асабістыя рэчы гаспадароў (усяго на суму 3,7 мільёна рублёў). Нядаўна злодзеі былі знойдзены. Імі аказаліся двое падлеткаў з Башнёў. Яны прызналіся ў крадзяжы.
Як высветлілася ў ходзе следства, адзін з гэтых хлопцаў  яшчэ зімою ўкраў мабільны тэлефон “Самсунг”  з сумкі вучаніцы Башнёўскай школы Супраць падлеткаў узбуджана крымінальная справа.
Чаравікі
Жыхар вёскі Шчарбакі не далічыўся ў сваім доме нядаўна купленых чаравікаў, за якія заплаціў больш як пяцьсот тысяч рублёў. Пацярпелы расказаў міліцыянерам, што напярэдадні  ў ягоным доме была ў гасцях знаёмая з в. Андрэеўка, з якой разам выпівалі. Міліцыянеры наведаліся ў Андрэеўку, жанчына прызналася ў крадзяжы.
Абавязаны
Жыхар вёскі Засіннікі як абавязаная асоба быў працаўладкаваны ў ПМК-70. Але зарабляць грошы, каб кампенсаваць матэрыяльны ўрон, затрачаны дзяржавай на выхаванне ягонай непаўналетняй дачкі, ён  не вельмі хацеў. Часта дапускаў прагулы. За тры месяцы іх сабралася 18. Супраць мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу.
Сужыцель
У міліцыю звярнулася жыхарка а.-г. Светласельскі з просьбай прыцягнуць да адказнасці свайго сужыцеля. Як высветлілася, яны разам нядаўна былі ў гасцях у знаёмых. Там ён учыніў скандал,  пагражаў забойствам сваёй сужыцілцы,  кідаўся з нажом. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Тэлефон
Жыхар  в. Гусінцы расказаў супрацоўнікам РАУС, што з партфеля ягонай дачкі ў Кардонскай школе ўкралі тэлефон.  Супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС высветлілі, што крадзеж здзейсніў вучань гэтай жа школы.
Яздок
У вёсцы Стралкі супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі быў затрыманы жыхар Крывога Сяла, які ехаў на матацыкле “Іж-Планета-5” без правоў кіравання, без шлема, без тэхагляду, без дакументаў аб рэгістрацыі транспартнага сродку. На вяскоўца складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў.
Веласіпедыстка
Непрацуючая жыхарка Крупчына ехала па райцэнтры ў стане алкагольнага ап’янення. На перакрыжаванні вуліц Суворава-Светласельская сутыкнулася з ЗАЗ, якім кіраваў жыхар Шуміліна. Добра, што вадзіцель не спяшаўся, дык веласіпедыстка не атрымала цялесных пашкоджанняў. Тым не менш яна прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Жанчыне пагражае штраф памерам у чатырыста тысяч рублёў.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №50 ад 26.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *