в Шумилинском районе отметили День воинов-интернационалистов

Новости Общество

Пачуццё   баявога братэрства нясуць праз усё жыццё

Сёлета краіна адзначае 35 год з дня вываду савецкіх войск з Афганістана.

Сустрэча з кіраўніцтвам раёна і выбары старшыні арганізацыі

Мерапрыемствы з нагоды памятнай даты ў Шуміліне стартавалі сустрэчай воінаўафганцаў са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам. Кіраўнік райсавета падкрэсліў значэнне 15 лютага ў жыцці ветэранаў вайны ў Афганістане.

– Ваша арганізацыя вядзе актыўную работу з моладдзю па патрыятычным выхаванні, – сказаў Мікалай Аляксеевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы. – На жаль, зусім мала застаецца ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (сёння ў раёне жывуць тры ветэраны, якім за 90 год), і яны перадаюць вам сваю эстафету па выхаванні падрастаючага пакалення. Вы з гонарам выканалі свой воінскі і грамадзянскі абавязак і годна прымеце ў ветэранаў вайны эстафету.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў адказаў на пытанні воінаў-афганцаў, якія тычыліся арганізацыі грамадскага харчавання ў райцэнтры, пенсійнага забеспячэння, арганізацыі экскурсіі ў Мінск для воінаў-інтэрнацыяналістаў. Некаторыя пытанні былі ўзяты на кантроль для вывучэння і рэалізацыі.

Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Шчарбіцкі заявіў аб сваёй адстаўцы па стане здароўя і вынес на абмеркаванне членаў арганізацыі пытанне аб выбарах новага кіраўніка раённай арганізацыі. Новым старшынёй арганізацыі абраны Карпушэнка Васіль Мікалаевіч, былі выбраны і члены савета раённай арганізацыі.

“Наша памяць і боль”

Каля памятнай дошкі воіну-інтэрнацыяналісту В. І. Угнявёнку адбыўся мітынг, у якім бралі ўдзел вучні Шумілінскай СШ № 2, члены раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў ветэранаў Узброеных Сіл. Узгадалі старонкі кароткага жыцця земляка, ураджэнца вёскі Сосніна, старшага лейтэнанта Віктара Угнявёнка, які загінуў у Афганістане. Пасля хвіліны маўчання да мемарыяльнай дошкі былі ўскладзены кветкі.

У Скверы воінскай славы каля помніка воінам-землякам адбыўся мітынг “Афганістан: наша памяць і боль”, на які сабраліся воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, работнікі ўстаноў і прадпрыемстваў, школьнікі.

«51 жыхар Шуміліншчыны прайшоў вайну ў далёкай паўднёвай краіне, чацвёра з іх: маёр Анатоль Скобаў, старшы лейтэнант Віктар Угнявёнак, прапаршчык Пётр Чуркін, малодшы сяржант Іван Сакалоў, – загінулі, выконваючы воінскі і інтэрнацыянальны доўг», – нагадалі вядучыя мітынгу.

Выступіў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.

Ветэран афганскай вайны падпалкоўнік Ромас Юхневічус сказаў: “Праз усё жыццё мы пранеслі пачуццё баявога братэрства. Няпісаным законам было на афганскай зямлі не пакідаць на полі бою баявых таварышаў, якія паранены ці загінулі. Жадаю кожнаму воіну-афганцу захаваць гэтае пачуццё да канца”.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў хвілінай маўчання, усклалі да стэлы з імёнамі воінаў-землякоў вянкі, гірлянды і кветкі.

Сустрэча пакаленняў

У раённым цэнтры культуры ў нефармальнай абстаноўцы за кубкам чаю прайшла сустрэча ветэранаў афганскай вайны і шумілінскіх школьнікаў: членаў ваенна-патрыятычных клубаў “Юны гвардзеец” Шумілінскай СШ № 1 і “Праметэй” Мікіціхінскай СШ, вучняў “Школы міру” з Обальскай СШ.

Былы старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Шчарбіцкі расказаў пра арганізацыйныя змяненні і прадставіў новага кіраўніка арганізацыі Васіля Карпушэнку. Начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна Бешанковіцкага АРВК падпалкоўнік Андрэй Собін падзякаваў Мікалаю Шчарбіцкаму за актыўную грамадскую работу і ўручыў грамату.

Прадстаўнік ваеннага камісарыята ўручыў воінам-афганцам медалі “35 год вываду савецкіх войск з Афганістана”.

Ветэраны падзяліліся баявымі ўспамінамі, перад імі выступілі каманды ваенна-патрыятычных клубаў. Музычныя нумары падрыхтавалі артысты раённага цэнтра культуры.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *