«Скорая» приезжает только в случае необходимости неотложной медицинской помощи

Здоровье Общество

Калі і як выклікаць “хуткую”?
Каб абгрунтавана выклікаць “хуткую”, трэба прыслухацца да выканання асноўных правілаў яе выкліку.
У нашым раёне для аказання хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі арганізаваны і дзейнічаюць аддзяленне хуткай меддапамогі на базе паліклінікі (дзве кругласутачныя фельчарскія брыгады) і пункт хуткай медыцынскай дапамогі пры Обальскай участковай бальніцы (адна кругласутачная фельчарская брыгада).
Брыгады хуткай дапамогі выклікаюцца па тэлефонах: 103, 4-22-00 (Шуміліна), 3-69-03 (Обальская УБ).
Звяртацца за меддапамогай па нумары 103 неабходна пры няшчасных выпадках, а таксама пры станах, якія пагражаюць жыццю, і раптоўных захворваннях, дзе б яны ні здарыліся. Абслугоўванне хворых і пацярпелых на вуліцы ажыццяўляецца ў першую чаргу.
Да няшчасных выпадкаў адносяцца:
транспартныя, вулічныя і бытавыя траўмы (раненні, пераломы, вывіхі, апёкі, адмарожванні, паражэнні электратокам ці маланкай, утапленні, удушэнні, кровацячэнні ўсіх відаў, замах на самагубства, вострыя атручэнні любога характару).
Да станаў, якія пагражаюць жыццю, адносяцца:
страта прытомнасці, расстройства дыхання, сутаргі, раптоўныя болі ў вобласці сэрца, парушэнні сардэчнага рытму, расстройства мазгавога кровазвароту, вострыя псіхічныя захворванні, рэзкія болі ў жываце.
Брыгада хуткай дапамогі пры неабходнасці дастаўляе парадзіх у радзільнае аддзяленне.
Трэба адзначыць, што персанал хуткай дапамогі аказвае экстраную дапамогу, але не праводзіць сістэматычнага лячэння хворых, не мае права выдаваць баль-нічныя лісткі і рэцэпты, судова-медыцынскія і экспертныя заключэнні, пісьмовыя даведкі хворым і іх родным.
Чалавек, які выклікае хуткую, павінен дакладна паведаміць дыспетчару адрас (назву населенага пункта, вуліцу, нумар дома, пад’езда, кватэры), прычыну выкліку, прозвішча, імя, імя па бацьку хворага ці пацярпелага, яго ўзрост, нумар тэлефона і сваё прозвішча, найбольш зручны пад’езд да дома ці пацярпелага. Усё гэта неабходна ў мэтах найменшых затрат на вышук. Хворы павінен мець пры сабе пашпарт ці любы іншы дакумент.
На жаль, яшчэ нярэдкія выпадкі, калі той, хто выклікае брыгаду “хуткай”, дае ілжывую інфармацыю. Такія людзі прыцягваюцца да адміністрацыйнай ці нават крымінальнай адказнасці.
Дзяжурны дыспетчар хуткай мае права рашыць, ці падлягае абслугоўванню паступіўшы выклік. У выпадку адмовы ў выездзе ён абавязкова павінен указаць лячэбную ўстанову, куды варта звярнуцца за меддапамогай.
Хуткая дапамога не прымае выклікаў і не выязджае да захварэўшых людзей, якія не патрабуюць тэрміновай медыцынскай дапамогі і могуць асабіста звярнуцца да ўрача; да хворых для выканання лячэбных працэдур (акрамя анкалагічных хворых); да асоб, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, акрамя выпадкаў атручэння сурагатамі алкаголю; да хранічных хворых для сістэматычнага лячэння.
Перавозкі хворых з дому ў бальніцу і назад транспартам хуткай дапамогі робяцца толькі па накіраваннях медработнікаў у выпадках, што патрабуюць дастаўку хворых на спецмашынах.
Лічбы і факты.
За 2011 год брыгады аддзяленняў хуткай дапамогі 6740 разоў выязджалі на выклікі, аказалі дапамогу 7073 хворым і пацярпелым. Звяртаемасць у хуткую медыцынскую службу вельмі вялікая і склала 337 выездаў на адну тысячу чалавек насельніцтва. У мінулым годзе на “хуткую” дапамогу паступілі 124 лжывыя выклікі.
Заўвагі і прапановы па рабоце службы хуткай дапамогі можна выказваць па тэлефоне адміністрацыі ЦРБ 4-22-18 ці па тэл. 4-11-34.
Усім жыхарам раёна жадаю здароўя і дабрабыту.
Канстанцін БАКАНАЎ, галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ.
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *