«Мы в ответе за тех, кого приручили».

Общество

Хто, калі не ўсе мы?
Напэўна, няма больш шчаслівых у цёплую пару года за птушак і жывёл. Яны перажылі голад і холад, яны дачакаліся сонейка, яны вельмі хочуць жыць, клапатліва расціць сваё патомства. Дарэчы, чалавеку трэба павучыцца ў прыроды гэтай простай радасці пражытага дня. Але не аб гэтым гаворка.
Усім вядома, што з зараджэння жыцця на планеце Зямля ў матухны прыроды ўсё было пад кантролем. Толькі вось з актыўным умяшаннем у яе сістэму чалавека, асабліва з прыручэннем жывёлы, многае змянілася і за многае ўжо адказвае менавіта чалавек. Праўда, ён адказнасці на сябе браць не хоча. Вось прыклад: вывядзенне самых розных парод сабак, катоў і камерцыйны інтарэс да гэтага робяць жывёлу неабароненай ад здзекаў і пакут. Абаронцы прыроды адзначаюць, што не прададзены “тавар” часта пападае на вуліцы гарадоў і сёл. Жыць жа без дапамогі чалавека ў такой жывёлы не закладзена ў генах. Хаця калі па-чалавечы і справядліва паглядзець на праблему, дык і звычайным дваровым прыручаным да жытла чатырохногім выжываць, калі гаспадар прагнаў з хаты, вельмі цяжка. На жаль, асабліва многа такіх бяздомнікаў развялося на вуліцы імя Кароткіна ля дамоў № 20; № 22; № 16; № 24; № 26. Адкуль столькі гэтых бадзяжных? Іх што, з лесу прырода падкінула? Не, несумленныя жыхары развялі: нехта прадаў кватэру і кінуў кошку, некаму жывёла была цікавай, пакуль была маленькай, некаму надакучыла адчыняць дамафон, нечы гадаванец застаўся без гаспадара, бо той памёр, а спадкаемцам патрэбна толькі кватэра…
І факт, што большасці жыхароў гэтага мікрараёна няма справы да пакутаў жывёлы, а вось тое, што яна разводзіцца, раздражняе многіх. Але як вырашыць праблему? Па-першае, не выкідваць прыручаных катоў і сабак на вуліцу, несці адказнасць за іх патомства. Хочацца нагадаць кожнаму жыхару шматпавярховак, што каты ў падвале непрыкметна для вока людзей вядуць барацьбу з разносчыкамі самых небяспечных хвароб – пацукамі і мышамі і гэтым прыносяць вялікую карысць чалавеку. Таму лепш паставіць у ціхім месцы падвала каробку, каб была магчымасць своечасова забраць яшчэ сляпых кацянят, чым потым абурацца на невядома каго, што жывёлы развялося зашмат. У лесе, на полі прырода сама разбярэцца з лішнімі, а там, дзе месца пад сонцам у яе адваяваў чалавек, ён і павінен вырашаць праблему, безумоўна, найбольш гуманным спосабам.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Да тэмы. Напэўна, многія жыхары цэнтра пасёлка заўважылі, што па вуліцах Ленінскай, Луначарскага, Вакзальнай, Піянерскай бегае без догляду вялікая цёмная аўчарка з ашыйнікам. Сабака пакуль не праяўляе агрэсіі, загульвае з дзецьмі (відаць, у гаспадароў рос побач з малымі). Але многія баяцца грознай на выгляд жывёлы. І ці далёка да бяды? Галодная ды пакрыўджаная чалавекам у любы момант аўчарка можа праявіць агрэсію. Дзе яе гаспадары? Чаму не шукаюць гадаванца? Згубілі і лічаць, што так таму і быць? Сабаку рана ці позна адстрэляць, але адказнасць за гэты жорсткі крок поўнасцю кладзецца на гаспадароў.
Хочацца нагадаць усім, хто трымае жывёлу на ланцугу: лета, спёка, пастаўце жывёле вады, змайструйце прыкрыцце ад санцапёку. Паглядзіце, ці хапае даўжыні ланцуга, каб сабака мог свабодна схавацца ад любых капрызаў пагоды. Бо, як папярэджваюць спецыялісты, часта жывёла зрываецца з прывязі з-за немагчымасці трываць пакуты.
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *