Увага – якасці медабслугоўвання

16 кастрычніка Шумілінскі раён наведаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Шчастны.
Сенатар правёў выязны прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, а таксама “прамую лінію”. Адбылася размова члена Савета Рэспублікі са старшынёй рай-выканкама Сяргеем Галынчыкам аб перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, праблемных пытаннях рэгіёна.
Пасля “прамой лініі” Анатоль Шчастны правёў маніторынг выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы ў часці забеспячэння медыцынскім абслугоўваннем сельскага насельніцтва рэгіёна і наведаў Башнёўскі і Слабадскі ФАПы. Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч расказала сенатару пра рамонт сельскіх ФАПаў і амбулаторый, аптымізацыю сеткі медустаноў, пра кадравае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстаноў аховы здароўя раёна. Асобна Анатоля Шчастнага цікавіла эфектыўнасць работы мабільнага ФАПа, які павінен палепшыць узровень медыцынскага абслугоўвання жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак.
– Даручэнне Кіраўніка дзяржавы прадыктавана ў першую чаргу тым, што неабходна забяспечыць даступнасць медыцынскай дапамогі для насельніцтва краіны, палепшыць якасць медыцынскіх паслуг, стварыць спрыяльныя ўмовы працы для медработнікаў у сельскіх населеных пунктах. Якасная работа стацыянарных ФАПаў і амбулаторый у спалучэнні з работай мабільнага пункта і выездамі пры неабходнасці вузкіх спецыялістаў для абследавання і кансультацый павінна стварыць годны ўзровень работы сістэмы аховы здароўя кожнага рэгіёна, – пракаменціраваў сітуацыю Анатоль Тадэвушавіч.
На ФАПах член Савета Рэспублікі пазнаёміўся з праведзеным рамонтам, абсталяваннем устаноў, паразмаўляў з фельчарамі, якія абслугоўваюць сельскае насельніцтва, пра асаблівасці і спецыфіку іх работы, праблемы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.