
«Разам – на Ленінскай»
Паважаныя жыхары і працоўныя калектывы вуліцы Ленінскай!
18 мая ў 17.00 адбудзецца свята вуліцы Ленінскай.
Вуліца Ленінская – адна з самых старэйшых вуліц Шуміліна. Яна і сёння разам з вуліцай Кароткіна з’яўляецца галоўнай магістраллю райцэнтра. Гісторыя вуліцы і яе славутасці, жыхары і прадпрыемствы будуць у цэнтры ўвагі свята “Разам – на Ленінскай!”.
Такая ўвага, вядома, абавязвае ўсіх жыхароў вуліцы, а таксама ўсе працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў, размешчаных тут, паказаць сябе ў самым лепшым выглядзе. А гэта значыць, ёсць нагода прывесці ў парадак свае дамы і адміністрацыйныя будынкі, добраўпарадкаваць тэрыторыі, упрыгожыць іх кветкамі і малымі архітэктурнымі формамі. Жыхарам час рыхтавацца да ўдзелу ў выстаўках рукадзелля і печыва, у конкурсе “Дом узорнага парадку”.
18 мая на вуліцы Ленінскай будзе шмат гасцей не толькі з усяго Шуміліна, але і з раёна, з вобласці. Абавязак добрага гаспадара – сустрэць гасцей дастойна: чыстай вуліцай, дагледжаным падворкам, акуратным газонам, кветнікамі, а таксама ўсмешкай і добрым настроем. Каб усе адчулі, што калі жыць у Шуміліне – лепш жыць на вуліцы Ленінскай; калі працаваць у Шуміліне – лепш працаваць на вуліцы Ленінскай; калі быць разам – лепш на вуліцы Ленінскай!
Газеце – 80!
Дарагія падпісчыкі раённай газеты “Герой працы”, жыхары Шумілінскага раёна! У рамках свята вуліцы “Разам — на Ленінскай” 18 мая будзе ладзіцца і святкаванне 80-годдзя раённай газеты “Герой працы”. Мы будзем рады адзначыць гэты слаўны юбілей разам з вамі. Прыемныя сюрпрызы, святочны настрой гарантаваныя ўсім, хто любіць газету.
Надрукавана ў №36 ад 08.05.2012 г.