Усё лета супрацоўнікі РАУС ушчыльную працуюць па спецыяльнай праграме «Мак», мэта якой – выявіць і знішчыць дзікарастучыя і спецыяльна вырашчаныя расліны, якія выкарыстоўваюцца для вырабу наркатычных сродкаў. Да такіх раслін адносіцца ўсім вядомы мак.
Уаднаго жыхара райцэнтра на прысядзібным участку расло 7 кустоў маку, у другога – 4. Па шэсць кустоў было выяўлена на агародах у вёсках Долгія і Чэрчыцы. Пры размове з гаспадарамі агародаў участковыя інспектары РАУС чулі адказы накшталт “мак насеяўся сам, “думалі, выспее, тады і вырвем”, “вырашылі, што такі мак дазваляецца, яго ж вырошчвалі нашы бабулі”.
Не, не дазваляецца вырошчваць ніякі! Мак на агародзе – гэта прынада для наркаманаў. У мінулыя гады ў раёне вядомы выпадкі, калі па невялікіх вёсках ездзілі чужыя людзі ў пошуках маку.
Мы пацікавіліся, якое пакаранне чакае гаспадароў, у каго на ўчастках супрацоўнікі праваахоўных органаў знаходзяць мак. «На першы раз грамадзянам выносіцца папярэджанне. На вачах у гаспадароў мак вырываецца з коранем, рассякаецца дробна рыдлёўкай і закапваецца ў зямлю, каб перагніваў, – расказаў начальнік крымінальнага вышуку РАУС Руслан Бруеў. – Калі на працягу года будзе выяўлена паўторнае парушэнне, пагражае штраф да 20 базавых велічынь».
Ларыса ЗАЙЦАВА.